25 мая, Масква /Кар. БЕЛТА/. Прыярытэтнай задачай у ЕАЭС застаецца стварэнне паўнацэннага эканамічнага саюза. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прыярытэтнай задачай для ўсіх нас застаецца стварэнне паўнацэннага эканамічнага саюза. Усе адзначаюць наяўнасць прагрэсу ў гэтым пытанні, але я застаюся на ранейшай пазіцыі: ні бар'ераў, ні абмежаванняў быць не павінна наогул! Гэта базавы прынцып пабудовы нашага саюза, і мы павінны дасягнуць мэты ў самы бліжэйшы час", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую праведзеную работу па фарміраванні агульнага рынку дзяржаўных і муніцыпальных закупак. "Не без праблем, але рынак дзяржзакупак функцыянуе. Аднак для яго далейшага паўнацэннага развіцця неабходны падпісанне і больш хуткае ўступленне ў сілу пагаднення аб узаемным прызнанні банкаўскіх гарантый пры ажыццяўленні дзяржаўных закупак і правіл узаемнага прызнання электроннага лічбавага подпісу", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Больш таго, ёсць рэзерв для пашырэння адпаведнага сектара эканамічных адносін. Акрамя дзяржзакупак існуе і сфера дзяржкарпарацый. "Лічу, што зняцце абмежаванняў па доступе да закупак дзяржаўных карпарацый дабратворна выявіцца на эканоміцы саюза", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.