27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні падагульняючай калегіі Міністэрства па падатках і зборах абазначыў асноўныя задачы, якія стаяць перад МПЗ на 2023 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кіраўнік дзяржавы даручыў забяспечыць поўную лічбавізацыю ўліку, кантролю і выплаты падаткаў. Гэта задача павінна быць выканана. Цяпер аўтаматызацыя ўзаемадзеяння з плацельшчыкам рэалізуецца праз шэсць інфармацыйных сістэм, якія даюць магчымасць разам з улікам плацельшчыкаў, прыёмам дэкларацый і разлікам сум падаткаў ажыццяўляць аналіз іх дзейнасці і аказваць бескантактавыя сэрвісныя паслугі", - сказаў Раман Галоўчанка.
У мінулым годзе, паводле яго слоў, МПЗ праведзена вялікая, эфектыўная работа па аўтаматызацыі падаткаабкладання малога бізнесу. У прыватнасці, створаны спецыяльны мабільны дадатак для адміністравання падатку на прафесійны даход самазанятых грамадзян. "Па рэакцыі, якую мы атрымліваем ад грамадства, гэта адно з самых пазітыўна ўспрынятых рашэнняў, якое было прынята ў мінулым годзе. Цяпер важна забяспечыць яго правільнае функцыянаванне. Бягучы год - гэта напрацоўка практыкі. У канцы года падвядзём вынікі. Магчыма, унясём прапановы па пашырэнні пераліку відаў дзейнасці, якія падпадаюць пад гэта пытанне або перагледзім нейкія рэчы. У цэлым была праведзена вялікая работа, прычым праведзена эфектыўна", - падкрэсліў кіраўнік урада. Ён адзначыў, што ў МПЗ ёсць стратэгія развіцця падатковых органаў, якой прадугледжана паступальнае, дакладнае ўкараненне адпаведных электронных сэрвісаў.
"Адміністраванне ўскосных падаткаў - адзін з самых няпростых бізнес-працэсаў у любой краіне. У рамках рэалізацыі дагавора паміж Беларуссю і Расійскай Федэрацыяй аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках з 1 студзеня 2023 года павялічыліся стаўкі акцызаў на алкагольную прадукцыю, тытунёвыя вырабы, пашыраны пералік падакцызных тавараў. Такая навацыя разам са станоўчымі эфектамі для рэспублікі нясе ў сабе і рызыкі, якія звязаны з ростам нелегальнага паступлення ў краіну тытунёвых вырабаў і аналагаў, якія змяшчаюць нікацін, у сувязі з ростам цэн на іх. Падатковым органам неабходна забяспечыць дадатковыя меры кантролю за спыненнем нелегальнага ўвозу і збыту спіртазмяшчальнай прадукцыі, электронных сістэм курэння, абароту немаркіраваных акцызнымі маркамі Беларусі тытунёвых вырабаў, - заявіў прэм'ер-міністр. - Павінна быць арганізавана эфектыўнае ўзаемадзеянне нацыянальных сістэм адміністравання ўскосных падаткаў Беларусі і Расіі для таго, каб забяспечваць кантроль над выплатай ПДВ і вызначэнне найбольш рызыкоўных звёнаў у ланцужку рэалізацыі тавараў у рамках дзвюх дзяржаў".
Што датычыцца саюзных праграм па інтэграцыі інфармацыйных сістэм маркіроўкі тавараў, пастаўлена задача да канца 2025 года перайсці на выкарыстанне касавага абсталявання, якое дае магчымасць улічваць інфармацыю аб маркіраваным тавары і перадаваць яе ў сістэму кантролю касавага абсталявання і маркіроўкі тавараў. "Такое касавае абсталяванне неабходна стварыць да таго моманту, калі запланавана інтэграцыя інфармацыйных сістэм маркіроўкі тавараў. Уся нарматыўна-прававая база для вырашэння гэтай задачы прынята. Улічваючы маштаб работы, якую трэба правесці ўсім удзельнікам працэсу, часу не так шмат. МПЗ сумесна з Дзяржстандартам даручаю зацвердзіць дакладны план дзеянняў па гэтым напрамку і інфармаваць урад аб яго выкананні па выніках кожнага паўгоддзя", - звярнуў увагу Раман Галоўчанка.
"Уведзеныя абмежаванні, санкцыі, у цэлым працэсы, якія адбываюцца ў сусветнай эканоміцы, у корані мяняюць эканамічнае і асяроддзе, і эканамічныя адносіны. Таму стаіць задача стварыць і падтрымліваць у рабочым стане простую і даступную для разумення сістэму падатковых абавязацельстваў, якая максімальна адпавядае прынцыпам сацыяльнай справядлівасці і забяспечвае канкурэнтаздольнасць нацыянальнай эканомікі. У міністэрства ёсць разуменне па выбудоўванні работы ў гэтым напрамку. Таксама павінны быць і канкрэтныя вынікі. Чакаю ініцыятыўнай і адказнай работы", - рэзюмаваў ён.