27 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская сталіца актыўна ўмацоўвае ўзаемавыгаднае партнёрства са многімі рэгіёнамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Аб гэтым на відэаканферэнцыі, прысвечанай развіццю беларуска-кітайскіх гандлёва-эканамічных праектаў, заявіў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У Мінгарвыканкаме прайшла відэаканферэнцыя па пытаннях супрацоўніцтва Мінска і яго горада-пабраціма Чанчуня, цэнтра кітайскай правінцыі Цзілінь. Уладзімір Кухараў звярнуўся да кітайскіх калег з прывітальным словам: "Нашы народы непарыўна звязвае шчырая дружба і бескарыслівае супрацоўніцтва. З моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем дынамічна развіваецца, дасягнутыя дамоўленасці рэалізуюцца, а ўсебаковыя кантакты вызначаюцца трываласцю і ўстойлівасцю. Сталіца Рэспублікі Беларусь умацоўвае ўзаемавыгаднае партнёрства са многімі рэгіёнамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Паміж Мінгарвыканкамам і гарадамі Кітая падпісана больш за 20 пагадненняў аб супрацоўніцтве, сярод якіх 4 пагадненні аб пабрацімстве".
Кітай уваходзіць у тройку асноўных гандлёвых партнёраў Мінска сярод краін далёкага замежжа. Яркім прыкладам эфектыўнага супрацоўніцтва стаў індустрыяльны парк "Вялікі камень". Вядзецца цеснае ўзаемадзеянне па навукова-адукацыйнай і культурнай лініі. "Мы нацэлены і далей прадаўжаць супрацоўніцтва, каб падтрымліваць дынаміку двухбаковых адносін на высокім узроўні, старанна рэалізоўваць дамоўленасці, дасягнутыя лідарамі нашых краін", - рэзюмаваў Уладзімір Кухараў.