13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Курганская вобласць і Беларусь могуць супрацоўнічаць у аграпрамысловым комплексе, прамысловасці і медыцыне. Аб гэтым на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам заявіў губернатар Курганскай вобласці Расіі Аляксей Какорын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У нас значна прасеў рынак збыту вашых трактароў. Нас гэта не задавальняе, таму што яны вельмі запатрабаваны нашымі аграрыямі і мы закуплялі даволі вялікую колькасць трактароў. Але апошнім часам поўнасцю адсутнічае сэрвіснае абслугоўванне, у сувязі з гэтым ёсць некаторыя цяжкасці. З нашага боку ёсць прапанова нашым прадпрыемствам на дагаворных умовах адкрыць сэрвіснае абслугоўванне ў вобласці. Тым самым мы закрылі б патрэбнасць Уральскай федэральнай акругі і аднавілі рэалізацыю трактароў "Беларус", - сказаў Аляксей Какорын.
Паводле яго слоў, ёсць перспектывы ў супрацоўніцтве Мінскага аўтамабільнага завода з Варгашынскім заводам проціпажарнага і спецыяльнага абсталявання. "У асноўным мы пакуль камплектуем на шасі "Урал" і КамАЗ. Хацелася б, вядома, папрацаваць з шасі МАЗ. Тым самым у нас рэалізацыя і вашых машын, і нашага абсталявання была б значна павялічана", - упэўнены губернатар.
Аляксей Какорын адзначыў, што даўно наладжана ўзаемадзеянне паміж Расійскім навуковым цэнтрам артапедыі і траўматалогіі імя акадэміка Г.А.Ілізарава і Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам траўматалогіі і артапедыі. "Яны вельмі актыўна працуюць па распрацоўках, пастаянна ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях. Думаю, што можна яшчэ больш паглыбіць адносіны паміж гэтымі навукова-даследчымі інстытутамі. Яны самыя магутныя ў свеце", - сказаў ён.
Развіваць партнёрства, лічыць губернатар, могуць і фармацэўтычныя прадпрыемствы Курганскай вобласці і Беларусі. "Нам хацелася б, каб шэраг найменняў выпускаемай прадукцыі не канкурыравалі паміж сабой, а ішлі паралельна, па ўзаемнай дамоўленасці", - растлумачыў Аляксей Какорын.