13 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Куба зацікаўлена ў актывізацыі супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы прамысловасці і харчавання, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Куба Рыкарда Кабрысас Руіс у час сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Апошнім часам інтэнсіфікаваліся кантакты паміж кубінскім бокам, Мінскім трактарным заводам і МАЗ. Падпісаны кантракт з МТЗ на пастаўку 12 камплектаў трактароў, якія будуць збірацца на Кубе. Разглядаем гэта ў якасці зыходнай кропкі для нарошчвання тэмпаў супрацоўніцтва, - расказаў Рыкарда Кабрысас Руіс. - Мы змаглі ажыццявіць візіт на Мінскі трактарны завод. Убачылі вялікі тэхналагічны прагрэс і рывок, які зрабіў МТЗ. Адбыўся вельмі плённы дыялог у частцы патэнцыялу нашага ўзаемадзеяння па вытворчасці прадуктаў харчавання. Разглядаецца магчымасць удзелу беларускага боку ў аднаўленні малочнай вытворчасці, малочнага камбіната на Кубе".
Цяперашні час патрабуе іншых падыходаў у рабоце, у тым ліку і ўзаемадзеяння паміж прадпрымальніцкімі коламі, адзначыў віцэ-прэм'ер. "Усе пытанні, якія абмяркоўваліся ў ходзе гэтага візіту, і дакументы, якія былі падпісаны, маюць патрэбу ў эфектыўным удзеле дзелавых колаў для іх рэалізацыі, - падкрэсліў ён. - Таксама чакаецца мэтанакіраваная работа па актывізацыі ўзаемадзеяння і аднаўлення дакументаў, пагадненняў, падпісаных паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёвай палатай Кубы".