7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайскія карпарацыі-гіганты ZTE і Huawei пачнуць будаўніцтва высокатэхналагічных вытворчасцей у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень" ужо ў гэтым годзе. Такая інфармацыя была агучана ў эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БЕЛТА.
Паводле інфармацыі тэлеканала, ZTE ў далейшым адкрые вытворчасць электронных сродкаў сувязі, а Huawei зробіць стаўкі на прарыўныя навуковыя распрацоўкі. "Мы ўжо больш за 10 гадоў укараняем у Беларусі сучасныя тэхналогіі. Тут ёсць нашы прадстаўніцтвы, таму мы добра ведаем станоўчыя бакі краіны, - сказаў віцэ-прэзідэнт Huawei Джэфры Лю. - Для нас самы важны рэсурс беларусаў - адукацыя і высокі ўзровень інтэлекту. Для вашых таленавітых праграмістаў у нас асаблівыя планы. У індустрыяльным парку пабудуем інавацыйны смарт-цэнтр і самыя перадавыя лабараторыі".
Арганізацыя высокатэхналагічных вытворчасцей у індустрыяльным парку пачнецца пасля будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Гэтыя работы кантралююцца на ўрадавым узроўні, паведамлялася ў эфіры АНТ. Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін расказаў, што першы этап - гэта ўвод вуліцы, працягласцю 1,1 км, які завершыцца ў бліжэйшыя дні.