8 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У рамках развіцця экспартна-імпартнага бізнесу ў Беларусі Кітайская нацыянальная карпарацыя лясной прамысловасці мае намер пашырыць супрацоўніцтва з Беларускай універсальнай таварнай біржай. Пры гэтым у планах карпарацыі не толькі павелічэнне закупак беларускіх піламатэрыялаў на біржавых таргах, але і рэалізацыя тавараў кітайскай вытворчасці праз пляцоўку імпартазамяшчэння БУТБ. Аб гэтым заявіў начальнік дэпартамента закупак кампаніі Лі Інцянь у час сустрэчы з кіраўніцтвам біржы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Ініцыятыва кітайскага боку была цалкам падтрымана першым намеснікам старшыні праўлення БУТБ Эдуардам Бельскім, які, у сваю чаргу, парэкамендаваў кітайскай карпарацыі як мага хутчэй пераходзіць да практычных дзеянняў і ўключацца ў работу біржавой пляцоўкі імпартазамяшчэння.
"Як і любая іншая электронная гандлёвая платформа, наша пляцоўка забяспечвае максімальны ККД толькі пры наяўнасці вялікай колькасці заявак на куплю і продаж. Інакш кажучы, чым вышэйшая канцэнтрацыя попыту і прапанавання на таргах, тым больш значны эканамічны эфект. Першае, што вам трэба зрабіць, гэта напоўніць гандлёвую сістэму афертай, і мы адразу ж пачнём з імі працаваць, прыцягваючы патэнцыяльных пакупнікоў і даносячы інфармацыю аб вашых таварах да мэтавай аўдыторыі. Практыка паказвае, што пры такім падыходзе вынік прымянення біржавога механізма не прымусіць сябе доўга чакаць", - падкрэсліў Эдуард Бельскі.
У ходзе перагавораў БУТБ і кітайскай карпарацыі бакі абмеркавалі перспектывы актывізацыі біржавога гандлю і па іншых таварных напрамках. У выніку дасягнута дамоўленасць аб прапрацоўцы магчымасці імпарту ў Кітай беларускага рапсавага алею і сухога малака як найбольш ліквідных таварных пазіцый. У гэтым кантэксце таксама разглядаецца пытанне акрэдытацыі карпарацыі ў якасці біржавога брокера, што дазволіць ёй прыцягваць на БУТБ суб'ектаў гаспадарання з іншых галін эканомікі.