26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Кітайская кампанія Zoomlion зацікаўлена вырабляць сумесна з Беларуссю пажарную тэхніку. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы беларускай парламенцкай дэлегацыі, у склад якой уваходзяць члены Савета Рэспублікі, з кіраўніцтвам Zoomlion у горадзе Чанша правінцыі Хунань, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты парламента.У час сустрэчы амяркоўваліся перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Прэзідэнт Zoomlion Чжан Сінь Чунь праінфармаваў аб асноўных напрамках дзейнасці кампаніі. "Разгледжаны пытанні рэалізацыі сумеснага праекта па будаўніцтве завода спецтэхнікі на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Плануецца, што інвестыцыі ў яго перавысяць $30 млн. На заводзе будуць выпускаць будаўнічую, камунальную, сельскагаспадарчую тэхніку. Кітайскі бок таксама выказаў зацікаўленасць у сумеснай вытворчасці пажарнай тэхнікі", - расказалі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.
Акрамя таго, беларуская дэлегацыя сустрэлася ў Чаншы з кіраўніцтвам кампаніі CRCHI (China Railway Construction Heavy Industry). У час перагавораў прэзідэнт CRCHI Лю Фейсіянь заявіў аб зацікаўленасці развіваць партнёрства з прадпрыемствамі Беларусі. "Будзем рады, калі ў Беларусі ў нас з'явяцца партнёры і мы зможам развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва", - сказаў ён.
CRCHI вырабляе тунэльныя канструкцыі, абсталяванне і рэйкавыя сістэмы для высакаскорасных чыгунак, а таксама спецтэхніку і сельгастэхніку. Прадукцыя экспартуецца ў ЗША, РФ, Іран, Турцыю і іншыя краіны.