5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайская карпарацыя "Чайна Мерчантс Груп" нацэлена на пашырэнне стратэгічнага партнёрства з Беларуссю. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў беларускім пасольстве ў КНР.
Са старшынёй праўлення карпарацыі Мяа Цзяньмінем сустрэўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрый Сянько. Дыпламат павіншаваў яго са 150-годдзем заснавання карпарацыі і падзякаваў камандзе "Чайна Мерчантс Груп" за актыўнае супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь.
Мяа Цзяньмінь запэўніў беларускі бок, што карпарацыя нацэлена на далейшае паглыбленне і пашырэнне двухбаковага стратэгічнага партнёрства ў рамках ініцыятывы "Адзін пояс, адзін шлях" і індустрыяльнага парка "Вялікі камень".
Бакі абмяняліся думкамі аб новых перспектыўных напрамках развіцця супрацоўніцтва і дамовіліся актывізаваць прамыя кантакты паміж прадстаўнікамі бізнесу дзвюх краін.
"Чайна Мерчантс Груп" (China Merchants Group) - буйная дзяржаўная карпарацыя, зарэгістраваная на тэрыторыі Ганконга, якая заснавана ў 1872 годзе. Яна спецыялізуецца на трох асноўных напрамках: транспарт (парты, грамадскія дарогі, транспарціроўка і лагістыка энергарэсурсаў, рамонт суднаў і марская інжынерыя), фінансы (банкі, каштоўныя паперы, фонды, страхаванне) і нерухомая маёмасць. "Чайна Мерчантс Груп "з'яўляецца буйнейшым акцыянерам СЗАТ "Кампанія па развіцці індустрыяльнага парка".