6 мая, Ляньюньган /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Кітайска-казахстанская міжнародная лагістычная кампанія ў горадзе Ляньюньган запрашае Беларусь да супрацоўніцтва. Гатоўнасць да развіцця кантактаў з беларускімі партнёрамі выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА генеральны дырэктар гэтай кампаніі Лю Бін.
Паводле яго слоў, кампанія гатова прадаставіць узаемавыгадныя ўмовы для Беларусі. У якасці партнёраў могуць разглядацца не толькі лагістычныя, але і іншыя кампаніі.
У Ляньюньгане размешчаны адзін з самых буйных у краіне партоў. Гэта стыкоўка марскога і чыгуначнага шляхоў, таму тут ажыццяўляецца перавалка вялікіх аб'ёмаў тавараў. Праз порт у Ляньюньгане накіроўваюцца у тым ліку грузы, прызначаныя для Беларусі: будматэрыялы, запчасткі, электроніка. У цэлым штогод праз порт перавальваецца каля 200 млн т грузаў. Штодзень адсюль у бок Казахстана адпраўляюцца 4-6 паяздоў. Кітайска-казахстанскі тэрмінал у порце быў уведзены год таму.
Порт Ляньюньган з'яўляецца самым зручным выхадам да мора ўздоўж новага азіяцка-еўрапейскага транскантынентальнага моста, злучаючы горад з заходнімі рэгіёнамі, Цэнтральнай Азіяй, і ў той жа час агульным выхадам да мора для краін - членаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, эксперыментальным прапускным пунктам для сухапутнага і марскога транспарту Кітая і Рэспублікі Карэя.
Ляньюньган - гэта ўсходні форт эканамічнага калідора новага Шаўковага шляху.