25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У індустрыяльным парку "Вялікі камень" зарэгістраваны ў якасці рэзідэнта Кітайска-беларускі інавацыйны цэнтр прамысловых тэхналогій, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У праекце ўдзельнічаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Акадэмія навук правінцыі Гуандун, а таксама Фошаньскі навукова-даследчы інстытут прамысловых тэхналогій (КНР). Пляцоўкай для работы стане інавацыйны цэнтр камерцыялізацыі навукова-тэхнічных дасягненняў у парку.
Кіраўнік адміністрацыі парка "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка адзначыў, што гэта ўжо 65-ы рэзідэнт. "Ён вельмі важны і сімвалічны з пункту гледжання таго, што арганізуецца платформа рэалізацыі навукова-тэхнічных дасягненняў паміж дзвюма краінамі. Задача менавіта гэтай платформы - распрацоўка навуковых ідэй, давядзенне іх да прамысловай рэалізацыі. Гэта ідэя ў тым ліку закладвалася, калі ствараўся парк "Вялікі камень", але рэальнае ўвасабленне яна атрымала, калі ў нас з'явілася магчымасць пабудаваць цэнтр камерцыялізацыі навукова-тэхнічных дасягненняў. Літаральна ў наступным месяцы мы плануем увесці ў эксплуатацыю будынак гэтага цэнтра", - паведаміў ён.
Аляксандр Ярашэнка лічыць, што інавацыйны напрамак развіцця "Вялікага каменя" праз далучэнне такога новага рэзідэнта падкрэслівае, што сам парк развіваецца ў правільным і патрэбным напрамку.
Першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Чыжык у сваю чаргу адзначыў: "Для НАН Беларусі і Акадэміі навук правінцыі Гуандун - гэта вельмі важная падзея. Мы ішлі да гэтага даволі доўга, рыхтаваліся, выпрацоўвалі планы, шукалі канкрэтныя праекты, якія аб'яднаюць нас у гэтым цэнтры. Сёння можна сказаць, што завершаны першы этап гэтай работы. Цяпер трэба будзе адпрацаваць механізмы ўзаемадзеяння і фінансаванне праекта. Вельмі важна, што такім чынам мы пачынаем працаваць на ўзроўні навуковых даследаванняў і распрацовак, якія прыкладна праз два або тры гады будуць перарастаць у канкрэтныя тэхналогіі і вытворчасці".
На базе цэнтра таксама будуць весціся ўласныя навуковыя распрацоўкі. Сярод напрамкаў, над якімі плануюць працаваць у гэтым цэнтры вучоныя дзвюх краін, прадстаўнік НАН Беларусі назваў распрацоўку новых матэрыялаў, сучасных прамысловых тэхналогій, лічбавізацыю ў вытворчасці, бія- і экатэхналогіі.