21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акрэдытаваны на Беларускай універсальнай таварнай біржы буйны кітайскі імпарцёр піламатэрыялаў - Kangkai Zhiguan (Heze) Industrial Development - плануе рэалізаваць інвестыцыйны праект у сферы дрэваапрацоўкі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.
Генеральны дырэктар кітайскай кампаніі Жань Яньцзюнь заявіў аб намеры інвесціраваць у беларускую дрэваапрацоўку і развіваць свой бізнес у Беларусі ў ходзе візіту ў цэнтральны офіс БУТБ. "Наша кампанія займаецца пастаўкамі лесапрадукцыі на рынак Кітая, прычым у даволі значных аб'ёмах. Напрыклад, у мінулым годзе мы імпартавалі з Еўропы, Новай Зеландыі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі больш за мільён кубаметраў лесаматэрыялаў. Пастаўкі з Беларусі пакуль не вельмі вялікія - каля 15 тыс. кубаметраў, але нам вельмі цікавы ваш рынак. Таму ў планах нашай кампаніі не толькі нарасціць аб'ёмы закупак пілапрадукцыі, але і стварыць у Беларусі ўласную вытворчасць, - падкрэсліў ён. - Цяпер я яшчэ не гатовы сказаць, што гэта будзе: greenfield-праект або вытворчасць на базе ўжо існуючага дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Для нас галоўнае, каб выпушчаная намі прадукцыя адпавядала міжнародным стандартам якасці і была канкурэнтаздольнай па цане. Зразумела, і набываць сыравіну, і рэалізоўваць гатовы прадукт мы маем намер выключна праз біржавую пляцоўку".
Пры гэтым, на думку гендырэктара, у беларускіх экспарцёраў, якія выкарыстоўваюць БУТБ, ёсць усё неабходнае, каб замацавацца на кітайскім рынку і паступова пашыраць сваю прысутнасць там. "Патэнцыял біржы як інструмента гандлю, безумоўна, высокі, і вынікі экспартных біржавых таргоў гэта пацвярджаюць. На вашай пляцоўцы працуюць кампаніі з многіх краін свету, і нават у перыяд пандэміі аб'ёмы біржавога гандлю растуць, а геаграфія пастаянна пашыраецца. Калі гаварыць канкрэтна аб кітайскім рынку, то я лічу, што беларускія піламатэрыялы і сельскагаспадарчыя тавары маюць высокую канкурэнтаздольнасць. Дзякуючы добрай якасці і разумнаму кошту яны могуць лёгка пасапернічаць з аналагічнай прадукцыяй з іншых краін. Таму пры распрацоўцы стратэгіі выхаду на рынак Кітая я сканцэнтраваў бы ўвагу менавіта на гэтых двух напрамках", - лічыць кітайскі бізнесмен.
Kangkai Zhiguan (Heze) Industrial Development працуе на БУТБ з 9 мая 2020 года, а 13 красавіка 2021-га кампанія атрымала статус біржавога брокера-нерэзідэнта.
ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.