14 мая, Пекін /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Кітайскія бізнесмены маюць намер інвесціраваць у вытворчасць прадуктаў харчавання ў Беларусі больш як $1,2 млрд. Аб гэтым паведаміў 14 мая журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мінсельгасхарч заключыў з адной з буйнейшых кампаній Кітая намер аб укладанні амаль $1 млрд інвестыцый у эканоміку нашай краіны. Цікавіць кітайцаў менавіта прадукцыя, якая вырабляецца нашай дзяржавай. Яны хочуць у рамках імпартазамяшчэння атрымаць яе з той тэрыторыі, якой вераць", - сказаў Леанід Заяц.
Яшчэ адна кітайская карпарацыя заявіла аб жаданні ўкласці капітал у будаўніцтва комплексаў па вытворчасці малака ў Віцебскай вобласці. Плануецца, што прадукцыя гэтых прадпрыемстваў будзе перапрацоўвацца на беларускіх заводах і пастаўляцца ў Кітай. Сума праекта ацэньваецца больш як у $200 млн. "Неаднаразова гэта пытанне разглядалася з удзелам кітайскіх інвестараў у Беларусі - знайшлі поўнае паразуменне. Кітайцы самі выказалі жаданне ўкласці грошы", - адзначыў міністр.
Леанід Заяц падкрэсліў, што прадукты харчавання з Беларусі карыстаюцца вялікім попытам у Кітаі, іх любяць за высокую якасць і натуральнасць.
Сёння шэраг беларускіх прадпрыемстваў заключылі з кітайскімі кампаніямі кантракты на пастаўку малочных прадуктаў агульнай сумай звыш $13 млн. У прыватнасці, ЗАТ "Малочная кампанія", "ЗАТ "Мяса-малочная кампанія", ААТ "Савушкін прадукт", ААТ "Беллакт", ААТ "Бабуліна крынка", УП "Калінкавіцкі малочны камбінат".
За першы квартал 2017 года Беларусь экспартавала ў Кітай прадуктаў на суму амаль $4,2 млн - у паўтара разы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.