9 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой пасля праведзеных 9 лістапада ў Казані перагавораў з кіраўніком Татарстана Рустамам Мініханавым расказаў журналістам аб новых кааперацыйных праектах і аб тым, як Беларусь замяніла нямецкіх, італьянскіх і французскіх вытворцаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Пасля візіту кіраўніка Татарстана ў Мінск і абмену маштабнымі дэлегацыямі была дамоўленасць на ўзроўні Прэзідэнта нашай краіны аб тым, што той тавараабарот, які на сённяшні дзень дасягнуты - $1,1 млрд, мы павінны падвоіць, - нагадаў Дзмітрый Крутой. - У бліжэйшыя гады патэнцыял для гэтага ёсць, таму трэба актыўней займацца новымі напрамкамі. Сёння мы з Рустамам Мініханавым абмяркоўвалі тыя новыя праекты, якія ўвойдуць у наш парадак дня літаральна з наступнага года".
Флагманскім праектам пасол назваў будаўніцтва завода па вытворчасці поліэфірных ніцей. Паводле яго слоў, сыравіну будзе пастаўляць холдынг "Татнафта", а саму вытворчасць намечана арганізаваць у Беларусі на базе прадпрыемства "Магілёўхімвалакно". Праект па існуючым бізнес-плане разлічаны на $250 млн, а штогадовая выручка плануецца ў аб'ёме больш як $300 млн. На новым прадпрыемстве будзе занята каля 1 тыс. чалавек. "Гэта адзін з галоўных беларуска-расійскіх кааперацыйных праектаў", - адзначыў пасол.
"Таксама "Татнафта" (гэта дамоўленасці мінулага года) стала актыўна выкарыстоўваць металакорд і дрот Беларускага металургічнага завода. Раней гэта былі пастаўкі ў Італію, але пасля ўвядзення санкцый і пераарыентацыі паставак Татарстан у гэтым сэнсе падставіў нам плячо. Вывучыўшы якасць гэтай прадукцыі, шыннікі рэгіёна "Ніжнякамскшына" і завод грузавых шын сталі выкарыстоўваць прадукцыю БМЗ. Іншыя прадпрыемствы холдынга "Татнафта", паглядзеўшы на паспяховасць работы, сталі браць беларускія бясшвовыя трубы для нафтагазавых вытворчасцей. Гэта адзін з прыкладаў сумеснай кааперацыі", - расказаў дыпламат.
Абмяркоўвалася на сустрэчы і тэма кааперацыйнай праграмы для КАМАЗа. "Ужо больш за дзясятак беларускіх прадпрыемстваў працуюць на канвеер КАМАЗа, а ў наступным годзе мы плануем падпісаць трохгадовую праграму пастаўкі кампанентнай базы ад рулявога кіравання да новага сегмента - гэта лічбавыя прыборныя панэлі, электронна-лічбавыя замкі. Увогуле, мы замяшчаем BOSH, італьянцаў, французаў на канвееры КАМАЗа: калі ў гэтым годзе праграма ў нас на 2,5 млрд расійскіх рублёў, то ў наступным годзе мы яе плануем падвоіць", - паведаміў Дзмітрый Крутой.
З новых праектаў - дамоўленасць з "Газпрамам" аб пастаўцы трактароў МТЗ з рухавікамі на газаматорным паліве з фінальнай зборкай у Татарстане. "Гэты праект таксама пілотны для Расіі менавіта па газаматорнай трактарнай тэхніцы, калі ён будзе паспяховы, мы яго будзем тыражаваць на іншыя рэгіёны", - сказаў пасол.
Ішла размова таксама аб удзеле беларускіх спецыялістаў у дарожным будаўніцтве. "Беларускія будаўнікі працуюць на важным участку Аляксееўскае-Альмецьеўск - больш за 10 км сучаснай трасы з будаўніцтвам мастоў, дарожнага палатна. Па сутнасці, праект на 7 млрд рублёў перададзены нам, у наступным годзе мы яго завяршаем. Рустам Мініханаў асабіста кантралюе якасць работ і сказаў, што беларусы працуюць цудоўна. Міністру транспарту Татарстана ён паставіў задачу, каб падабралі для нас новыя ўчасткі дарог", - дадаў Дзмітрый Крутой.