Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

23 Врс 2024

Крутой падкрэсліў прыярытэтнасць развіцця супрацоўніцтва з Зімбабвэ

Крутой падкрэсліў прыярытэтнасць развіцця супрацоўніцтва з Зімбабвэ

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зімбабвэ з'яўляецца для Беларусі адной з прыярытэтных краін у Афрыцы. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой 23 верасня на сустрэчы з галоўным сакратаром Прэзідэнта і Кабінета Рэспублікі Зімбабвэ Марцінам Рушвая, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першую чаргу Дзмітрый Крутой пацікавіўся, як ідуць справы ў Зімбабвэ ў сувязі з моцнай засухай. Марцін Рушвая выказаў удзячнасць беларускаму боку за аказаную дапамогу - накіраванне гуманітарнага грузу. "Мы ўдзячныя, і Прэзідэнт (Зімбабвэ. - Заўвага БЕЛТА) высока ацаніў гэты жэст з беларускага боку, мы вельмі ўдзячныя", - сказаў ён.

Характарызуючы ў цэлым развіццё супрацоўніцтва дзвюх краін, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў: "Зімбабвэ для нас адна з прыярытэтных краін не толькі ў Афрыцы, але і ва ўсім свеце". Фундаментам гэтых узаемаадносін, паводле яго слоў, з'яўляюцца дружалюбныя адносіны лідараў дзвюх дзяржаў, якія задаюць тон усяму двухбаковаму супрацоўніцтву. Таму ў апошнія гады назіраецца высокая інтэнсіўнасць сустрэч, абменаў візітамі высокага ўзроўню. Так, у гэтым годзе адбыўся другі візіт у Беларусь жонкі Прэзідэнта Зімбабвэ разам з дэлегацыяй бізнес-лэдзі, за якім адбыўся візіт у адказ беларускіх жанчын-прадпрымальніц. Значны імпульс у пашырэнні супрацоўніцтва дало адкрыццё пасольстваў і назначэнне паслоў. "Думаю, спадар Мудзімба ўжо адчуў, што трэба працаваць больш актыўна", - звярнуўся Дзмітрый Крутой да прысутнага на сустрэчы пасла Зімбабвэ ў Беларусі Ігнаціуса Грэхэма Мудзімбы, на што ён сцвярджальна адрэагаваў.

Абмяркоўвалася ў час сустрэчы магчымасць арганізацыі візіту ў Беларусь Прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы вясной - летам 2025 года. А да гэтага прадугледжваецца візіт беларускай урадавай дэлегацыі ў Зімбабвэ і пры садзейнічанні гэтай краіны - у суседні Мазамбік.

Дзмітрый Крутой звярнуў увагу на пастаўленую лідарамі дзвюх краін задачу значна нарасціць тавараабарот - з цяперашніх $30-40 млн да $100 млн. Ён нагадаў, што беларускі бок падняў узровень службовай асобы, замацаванай за развіццём адносін з Зімбабвэ, да намесніка прэм'ер-міністра, які адказвае за сферу прамысловасці і энергетыкі. Акрамя таго, працуе сумесная камісія па супрацоўніцтве, падпісана дарожная карта на 2023-2025 гады.

Прадаўжаецца сумесная работа па мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, у рамках якой Беларусь паставіла ўжо ў гэту краіну больш як 2 тыс. адзінак сельгастэхнікі, што дало магчымасць істотна павысіць ураджайнасць і фактычна ўпершыню забяспечыць адсутнасць імпарту збожжа ў Зімбабвэ.

"Будзе прадаўжацца і прадаўжаецца пастаўка і камбайнаў, і трактароў на ваш рынак, - падкрэсліў Дзмітрый Крутой. - Па дамоўленасці лідараў дзвюх краін мы павінны ісці далей і з улікам павелічэння аб'ёмаў ураджаю сумесна будаваць збожжасховішчы".

У час цяперашняга візіту дэлегацыі Зімбабвэ запланавана наведванне імі шэрага буйных прамысловых кампаній. "Ёсць дамоўленасці па кар'ерных грузавіках, аўтобусах, тэхніцы для лясной гаспадаркі, пажарнай тэхніцы. Беларусь мае намер выконваць гэтыя дамоўленасці ў поўным аб'ёме", - адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Паводле яго слоў, ёсць і новыя мадэлі, якія гатова прапанаваць Беларусь: "Мы разглядаем Зімбабвэ фактычна як вітрыну беларускай тэхнікі ў Афрыцы. На вашым рынку будуць самыя сучасныя мадэлі і тэхнічныя рашэнні. Паводле задумы нашых прэзідэнтаў, мы павінны паказаць комплексную гісторыю - не толькі пастаўляць гатовыя машыны, але і забяспечваць поўны цыкл усяго сервісу".

"Наш Прэзідэнт лічыць, што мы ў Зімбабвэ павінны паказаць прыклад прыходу беларускіх тэхналогій і мадэрнізацыі вашай краіны", - дадаў Дзмітрый Крутой. У той жа час, акрамя прамога гандлю, паводле яго слоў, трэба задзейнічаць і канал інвестыцый. "Сумесныя праекты, звязаныя ў тым ліку з асваеннем прыродных рэсурсаў, таксама маглі б увайсці ў нашу праграму, і мы гатовы да такой работы", - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

У далейшых планах дзвюх краін - развіццё нарматыўна-прававой базы, уключаючы магчымае аблягчэнне візавага рэжыму і пагаднення па развіцці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, а таксама ў мытнай сферы.

У сваю чаргу Марцін Рушвая падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём і пацвердзіў планы Прэзідэнта Зімбабвэ наведаць Мінск з візітам у 2025 годзе. Ён таксама падтрымаў ініцыятыву беларускага боку аб арганізацыі трохбаковай сустрэчы прадстаўнікоў Зімбабвэ, Мазамбіка і Беларусі.

"У нас вельмі цёплыя адносіны з Мазамбікам, і мы будзем цалкам садзейнічаць, у тым ліку ў арганізацыі трохбаковай сустрэчы", - сказаў галоўны сакратар Прэзідэнта і Кабінета Рэспублікі Зімбабвэ. Ён таксама падкрэсліў, што высока цэніць уклад Беларусі ва ўмацаванне харчовай бяспекі яго краіны.

"Дзякуючы сельскагаспадарчай прадукцыі і тэхніцы, якая была пастаўлена з Беларусі ў Зімбабвэ, мы змаглі закрыць патрэбнасці Зімбабвэ па збожжы і практычна па пшаніцы (хоць засуха і ўнесла свае карэктывы). Гэта неацэнны ўклад", - заявіў ён. Пастаўкі беларускай тэхнікі будуць прадоўжаны. А чыноўнікі высокага ўзроўню абедзвюх краін павінны працаваць над тым, каб усе задачы, пастаўленыя лідарамі Беларусі і Зімбабвэ, былі рэалізаваны.

 

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі