13 лістапада, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой пасля праведзеных 13 лістапада ў Маскве перагавораў старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з губернатарам Магаданскай вобласці Сяргеем Носавым ацаніў перспектывы стварэння сумесных прадпрыемстваў і беларускіх мультыбрэндавых цэнтраў у гэтым расійскім рэгіёне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасол канстатаваў: працэс стварэння сумесных вытворчасцей, які цяпер актыўна развіваецца ў беларуска-расійскім супрацоўніцтве, індывідуальны з кожным рэгіёнам. "І Далёкі Усход у гэтым плане значна больш складаны. Тут патрэбна кааперацыя або калабарацыя і інстытутаў развіцця, і саміх прадпрыемстваў", - заўважыў ён.
"З Магаданскай вобласцю мы пачалі прадметна вывучаць магчымыя напрамкі не так даўно. З міністрам эканомікі з іх агенцтвам па інвестыцыйнай дзейнасці мы абмяняліся пакуль, можна сказаць, чарнавымі варыянтамі. Да візіту губернатара Магаданскай вобласці ў Беларусь яны прадставяць пералік сваіх праектаў. Зразумела, яны не скрываюць, што 60-70 працэнтаў - гэта горная здабыча і сумежныя галіны-сатэліты. А што датычыцца іншых галін - бытавая тэхніка, мэбля і г.д., то гэта ў першую чаргу гандлёвая дзейнасць. Яны просяць хаця б падлічыць эканоміку і лагістыку стварэння нашага мультыбрэндавага цэнтра", - сказаў Дзмітрый Крутой.
Паводле яго слоў, ужо адбыліся пробныя пастаўкі ў Магаданскую вобласць солі з прадпрыемства "Мазырсоль", асобных відаў мэблі і апаратуры. "Прадпрыемствы лічаць эканоміку. Але з іншага боку, 90 працэнтаў прадукцыі ў Магаданскую вобласць паступае з Масквы і размеркавальных складоў Маскоўскага рэгіёна. Таму калі тут "падцягнуць" нашы тавары, то магчыма атрымаецца нейкая нармальная кааперацыя па гандлёвым канале", - адзначыў пасол.
Ён таксама паведаміў, што Магаданская вобласць актыўна праяўляе цікавасць да тэхнікі БЕЛАЗ, МТЗ, "АМКАДОР". "Гэта, хутчэй за ўсё, будзе нейкая мультыбрэндавая гісторыя, якую мы некалькі дзён таму абмяркоўвалі з губернатарам Прыморскага края. Напэўна, для Далёкага Усходу гэта гісторыя стане тыпавой і мы яе будзем тыражаваць, інакш проста не атрымаецца", - канстатаваў Дзмітрый Крутой.