22 снежня, Масква /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Краіны ЕАЭС выпрацуюць меры абароны рынку пасля пачатку дзеяння зоны свабоднага гандлю паміж Украінай і ЕС. Аб гэтым 21 снежня заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адпаведны дагавор пачне дзейнічаць 1 студзеня 2016 года. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не толькі Расія, але і астатнія члены ЕАЭС дэманструюць заклапочанасць у сувязі з гэтым. "Складаецца сур'ёзная сітуацыя ў адносінах да зоны свабоднага гандлю СНД. Не толькі ў Расіі, але і ва ўсіх нас ёсць пэўная заклапочанасць наконт гэтага", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Расійская Федэрацыя вяла перагаворы з Еўрасаюзам на гэту тэму. Як было сёння даложана кіраўнікам дзяржаў, ніякіх дамоўленасцей пакуль няма. "Ёсць апасенне, што і размовы больш не будзе да 1 студзеня, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму можа скласціся сітуацыя, калі тавар Украіны будзе замешчаны таварам Еўрасаюза, а іх тавар хлыне на нашу тэрыторыю".
Яшчэ большыя апасенні выклікае тое, што тавар Еўрасаюза, трапіўшы ва Украіну па нулявой пошліне, дзякуючы зоне свабоднага гандлю з СНД можа трапіць на тэрыторыю ўсёй Садружнасці, калі гэты рынак не будзе абаронены. У Расіі прыняты ўжо меры, каб абараніць рынак ад такой сітуацыі.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, было прынята рашэнне, што на працягу I квартала 2016 года гэта пытанне будзе вывучацца, а на працягу паўгоддзя будзе ажыццёўлены пераход на электроннае дэклараванне тавараў, якія будуць перамяшчацца ў ЕАЭС. Падобная сістэма прымяняецца паміж Беларуссю і Расіяй. Яна можа быць узята за аснову ў саюзе, аднак магчыма, што будзе выпрацаваны нейкі новы метад. "За паўгода мы дамовіліся выпрацаваць гэтыя варыянты", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.