12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнікі егіпецкіх нафтахімічных кампаній наведаюць Беларусь для азнаямлення з экспартнымі магчымасцямі краіны, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
Такая дамоўленасць дасягнута на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Егіпце Сяргея Рачкова з членамі савета дырэктараў Палаты хімічнай прамысловасці Егіпта. Акрамя таго, бакі абмеркавалі пытанні развіцця дзелавога супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі нафтахімічнай прамысловасці Беларусі і Егіпта, у прыватнасці, магчымасць стварэння сумесных гандлёвых і вытворчых нафтахімічных кампаній.
Таксама егіпецкімі прадстаўнікамі выказана зацікаўленасць у фарміраванні беларуска-егіпецкага савета дзелавога супрацоўніцтва ў галіне нафтахімічнай вытворчасці.