26 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шляхі актывізацыі работы па фарміраванні агульных біржавых рынкаў тавараў і фінансавых інструментаў у СНД абмеркаваны ў ходзе гадавога агульнага сходу Міжнароднай асацыяцыі бірж краін СНД (МАБ СНД), які прайшоў у Ташкенце (Узбекістан), паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Удзел у мерапрыемстве, праведзеным на базе Узбекскай рэспубліканскай таварна-сыравіннай біржы, прынялі топ-менеджары буйнейшых валютна-фондавых і таварных бірж Садружнасці, уключаючы БУТБ, Беларускую валютна-фондавую біржу, Маскоўскую біржу, Санкт-Пецярбургскую міжнародную таварна-сыравінную біржу, фондавую біржу Арменіі і казахстанскую біржу ETS.
На думку прадстаўнікоў біржавой супольнасці, зняцце гандлёвых бар'ераў і ўстанаўленне аднолькавых правіл гульні для ўдзельнікаў біржавых таргоў з краін СНД будзе садзейнічаць павелічэнню аб'ёмаў трансгранічнага тавараабароту, аптымізацыі таварапатокаў і ланцужкоў паставак, а таксама больш эфектыўнаму размеркаванню стратэгічных рэсурсаў.
Кіраўнікі бірж таксама адзначылі, што, акрамя запаволення тэмпаў росту сусветнай эканомікі, адным з наступстваў пандэміі каранавіруса стала дэглабалізацыя і, як вынік, узмацненне пратэкцыянісцкіх мер. "Гэта негатыўна паўплывала на дынаміку міжнароднага гандлю, у тым ліку на прасторы СНД, а многія інтэграцыйныя праекты давялося паставіць на паўзу. Улічваючы больш гібкі характар біржавога гандлю, высокі ўзровень лічбавізацыі і здольнасць аператыўна адаптавацца да новых умоў, як ніколі востра адчуваецца неабходнасць актывізаваць міжбіржавое ўзаемадзеянне па фарміраванні агульных таварных рынкаў у рамках Садружнасці. Пры гэтым чакаецца, што адкрыты і недыскрымінацыйны доступ да біржавой інфраструктуры дзяржаў - удзельніц СНД створыць спрыяльную глебу для эфектыўнага і дыверсіфікаванага тавараабмену і тым самым дасць магчымасць істотна паскорыць аднаўленне нацыянальных эканомік", - расказалі ў прэс-службе.
На мерапрыемстве былі таксама абмеркаваны актуальныя пытанні далейшага развіцця МАБ СНД і біржавога гандлю на тэрыторыі краін Садружнасці, пры гэтым асаблівая ўвага была ўдзелена гарманізацыі заканадаўства краін-удзельніц, а таксама важнасці прымянення адзіных падыходаў да фарміравання агульных рынкаў тавараў і фінансавых інструментаў.
Па выніках сустрэчы вырашана, што наступны агульны гадавы сход МАБ СНД адбудзецца ў Мінску, а прымаючым бокам выступіць БУТБ.