20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для арганізацыі кластарных праектаў у Беларусі плануецца аказваць дзяржаўную падтрымку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Міністэрства эканомікі Дзмітрый Крупскі перад пачаткам рэспубліканскага семінара "Інстытуцыянальныя асновы фарміравання і развіцця кластараў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Чакаецца, што ў канцы бягучага года - першым квартале 2018 года выйдзе адкарэкціраваны ўказ нумар 255, па якім будзе аказвацца дзяржпадтрымка для арганізацыі кластарных праектаў. Пры гэтым будуць падтрымлівацца праекты, якія прадугледжваюць фарміраванне перш за ўсё інавацыйна-прамысловых кластараў у высокатэхналагічных галінах эканомікі. Гэта прынцыповая пазіцыя", - сказаў Дзмітрый Крупскі.
Ён таксама падкрэсліў, што пытанне кластарызацыі для Беларусі вельмі актуальнае. Стварэнне кластараў - моцны інструмент павышэння канкурэнтаздольнасці і асобных суб'ектаў гаспадарання, і нацыянальнай эканомікі ў цэлым.
У семінары ўдзельнічаюць эксперты з Бельгіі, Польшчы і Іспаніі, якія займаюцца пытаннямі кластарнай палітыкі. Дзмітрый Крупскі лічыць важным выкарыстоўваць вопыт гэтых краін. "У іх створана ўся неабходная інфраструктура падтрымкі кластараў, ёсць дастатковая колькасць бізнес-асацыяцый, цэнтры кластарнага развіцця. Гэта важна, паколькі любы кластар прадугледжвае самаарганізацыю яго ўдзельнікаў - у рэалізацыі сумесных інвестыцыйных, інавацыйных праектаў, правядзенні маркетынгавых даследаванняў, стварэнні і пашырэнні агульнага брэнда", - сказаў ён.
Як адзначыў намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, развіццё інавацый - адзін з прыярытэтаў дзеючай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. "Пашырэнне інавацый без фарміравання кластараў немагчыма. Гэта пацверджана сусветным вопытам, - падкрэсліў ён. - Выкарыстоўваючы вопыт замежных экспертаў, удзельнікі семінара, значная частка якіх - дзяржслужачыя, якія фарміруюць рашэнні на месцах, могуць вызначыцца з тым, што трэба зрабіць, каб максімальна паскорыць стварэнне кластараў".
Арганізатарам семінара "Інстытуцыянальныя асновы фарміравання і развіцця кластараў" выступае Мінэканомікі ў рамках праграмы TAIEX, якая рэалізуецца пад эгідай Еўрапейскай камісіі. Мэта двухдзённага семінара - у вывучэнні вопыту еўрапейскай кластарнай палітыкі і магчымасці яго адаптацыі да беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі развіцця. У ім прымаюць удзел супрацоўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, адказных за фарміраванне і рэалізацыю кластарнай палітыкі, прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных бізнес-асацыяцый, акадэмічнай і ўніверсітэцкай супольнасці.
Кластар - гэта група геаграфічна лакалізаваных кампаній, пастаўшчыкоў абсталявання, камплектуючых, вытворчых паслуг, інфраструктуры, навукова-даследчых цэнтраў, ВНУ і іншых арганізацый. Канчатковым вынікам гэтага ўзаемадзеяння павінна стаць дасягненне канкрэтнага гаспадарчага эфекту, узмацненне канкурэнтных пераваг асобных кампаній і кластара ў цэлым.