20 ліпеня, Кіеў /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Кантракты на суму больш як $40 млн будуць падпісаны ў час беларуска-ўкраінскага бізнес-форуму, які пройдзе ў Кіеве 21 ліпеня. Аб гэтым паведаміў журналістам у Кіеве, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, пасол Беларусі ва Украіне Ігар Сокал.
"Зарэгістравана больш за 300 удзельнікаў з абодвух бакоў. Папярэдняя ацэнка тых кантрактаў, якія будуць падпісаны, - больш за $40 млн. Гэта будзе цікавае і інтэнсіўнае мерапрыемства ў плане развіцця гандлёва-эканамічных адносін", - сказаў дыпламат.
Гаворачы ў цэлым аб развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Ігар Сокал падкрэсліў яго інтэнсіўную дынаміку, аб чым сведчаць у тым ліку кантакты на ўзроўні ўрадаў і кіраўнікоў дзяржаў. "Калі браць у абсалютных лічбах, то 2016 год мы завяршылі з тавараабаротам у памеры $3,8 млрд, прычым беларускі экспарт ва Украіну склаў $2,8 млрд. Па пяці месяцах 2017 года таксама нядрэнныя рэзультаты: тавараабарот $1,7 млрд, экспарт Беларусі ва Украіну - $1,3 млрд. Калі браць у працэнтных адносінах, то рост па ўсіх пазіцыях - тавараабарот, экспарт, імпарт - больш як 20 працэнтаў", - удакладніў пасол.
Асноўная крыніца беларускага экспарту ва Украіну - нафтапрадукты. Па розных іх відах Беларусь займае ад 60 працэнтаў да 70 працэнтаў украінскага рынку. "Наша паліва тут цэніцца. Прадукцыя беларускай нафтаперапрацоўкі карыстаецца попытам", - заўважыў дыпламат. Ён дадаў, што кампанія "БНК-Украіна" ўваходзіць у лік буйнейшых падаткаплацельшчыкаў у бюджэт Украіны і развівае ўласную сетку аўтазаправачных станцый.
Ігар Сокал звярнуў увагу на значны рост экспарту і па астатніх таварных пазіцыях. "Гэта сведчыць аб тым, што Украіна была, ёсць і будзе важнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам Беларусі", - падкрэсліў ён.
Пасол заклікаў беларускіх экспарцёраў актыўна працаваць з рэгіёнамі ва Украіне, паколькі ў гэтай краіне адбылася дэцэнтралізацыя бюджэтнага працэсу і асноўныя падатковыя паступленні - каля 60 працэнтаў - цяпер застаюцца ў рэгіёнах. Ёсць магчымасці падключэння да рэалізацыі шэрага інфраструктурных праектаў у рэгіёнах. "Гэта абнаўленне дарожнай сеткі, парку пасажырскай, камунальнай тэхнікі. У гэтым плане наш патэнцыял даволі вялікі", - прывёў прыклад Ігар Сокал.
Дыпламат канстатаваў і паспяховае развіццё вытворчай кааперацыі. Цяпер на тэрыторыях дзвюх краін дзейнічае 13 сумесных зборачных вытворчасцей, з якіх 7 - ва Украіне.
Запатрабавана ва Украіне і беларуская кар'ерная тэхніка. На маючым адбыцца бізнес-форуме чакаецца падпісанне дагавора на пастаўку тэхнікі ААТ "БелАЗ" на суму $5 млн.
Экспарту беларускай прадукцыі ва Украіну садзейнічаюць прынятыя ўказам кіраўніка беларускай дзяржавы меры па фінансавай падтрымцы экспарту, адзначыў пасол. У гэтым працэсе ўдзельнічаюць два вялікія ўкраінскія банкі, якім кампенсуецца частка працэнтнай стаўкі пры куплі прадукцыі машынабудавання ў Беларусі. "Заўтра ў ходзе форуму будзе падпісана пагадненне з трэцім банкам", - паведаміў Ігар Сокал.
Беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва развіваецца і ў сферы паслуг. Адзін з прыкладаў - работа кампаніі "Беларуснафта", якая ў Палтаўскай вобласці Украіны ўдзельнічае ў праектах па гідраразрыве пласта для паглыблення нафтаздабычы. Актыўна працуюць на ўкраінскім рынку і беларускія дарожныя будаўнікі, якія выйгралі шэраг тэндараў.
Прывабным сектарам эканомікі Украіны з'яўляецца таксама аграпрамысловы комплекс. "Гэта і пастаўка прадукцыі сельгасмашынабудавання, нашых трактароў, пастаўка ўгнаенняў - калійных і азотных. Беларуская калійная кампанія літаральна нядаўна зарэгістравала тут даччыную кампанію. У перспектыве мы гатовы падзяліцца тымі напрацоўкамі ў галіне АПК, якія існуюць у Беларусі", - заявіў Ігар Сокал.
"Па ўсіх напрамках, якія можна выдзеліць на міждзяржаўным і міжурадавым узроўні, мы рухаемся даволі інтэнсіўна", - падкрэсліў дыпламат.
Адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА аб патэнцыяльных магчымасцях, якія з'яўляюцца ад членства Беларусі ў Еўразійскім эканамічным саюзе з аднаго боку і пагаднення Украіны аб асацыяцыі з ЕС з другога, Ігар Сокал адзначыў, што ніякіх супярэчнасцей у гэтым плане няма. "Мы павінны выкарыстоўваць магчымасці Украіны, а яны - нашы для ўваходжання на адпаведныя рынкі, - сказаў ён. - У Беларусі вялікая доля прадукцыі сертыфікавана пад стандарты Еўрапейскага саюза. Мы можам падзяліцца ў гэтым плане нейкім вопытам і з украінскімі партнёрамі. І праз украінскі рынак з улікам тых прэферэнцый, якія тут існуюць па гандлі з ЕС, уваходзіць на рынкі Еўрасаюза".
З'яўляюцца магчымасці і для ўдзелу ў інфраструктурных праектах. Так, праект па дэмаркацыі беларуска-ўкраінскай граніцы можа быць прафінансаваны за кошт сродкаў ЕС. "Мы цяпер вылучылі ў Еўрасаюз сумесную заяўку на фінансаванне. Яго аб'ём 2,8 млн еўра. Пытанне дэмаркацыі толькі ў пачатковай стадыі. Мы большую частку сваёй работы зрабілі", - удакладніў Ігар Сокал.
Па просьбе БЕЛТА дыпламат таксама пракаменціраваў стан праекта па будаўніцтве грузавога порта на Дняпры. "Порт знаходзіцца на нашай тэрыторыі. Але для таго, каб да порта даплыць, трэба правесці днопаглыбныя работы на асобных участках ракі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Ідуць перагаворы, працуюць спецыялісты, - расказаў пасол. - Ёсць інвестар з нашага боку, гатовы пабудаваць гэты порт, але трэба правесці ацэнку днопаглыбных работ на ўчастку 23 км. Гэты праект пакуль у стадыі прапрацоўкі і перагавораў. Ёсць адпаведнае даручэнне кіраўніка дзяржавы".
Ігар Сокал падкрэсліў, што водны транспарт шырока запатрабаваны і ў іншых еўрапейскіх краінах. "Гэта даволі малазатратны транспарт і перспектыўны напрамак", - дадаў ён.