8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кантэйнерны поезд з беларускай сухой малочнай прадукцыяй накіраваўся ў Кітай, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У складзе поезда - 41 кантэйнер, аб'ём пастаўляемай прадукцыі - каля 2 тыс. куб. м. Тавар даставяць на станцыю Чысуму ў КНР. Поезд пераадолее больш за 7 тыс. км за 14 дзён. "РУП "Белмытнясэрвіс" забяспечвае поўнае лагістычнае суправаджэнне грузаў у зносінах з КНР. Сёння мы адпраўляем ужо 16-ы кантэйнерны поезд у Кітай. На кітайскі рынак будзе пастаўлена прадукцыя розных беларускіх кампаній. Гэта выгадна нашым экспарцёрам і замежным пакупнікам. Дзякуючы недарагой лагістыцы кітайскі спажывец атрымлівае якасную беларускую прадукцыю ў кароткія тэрміны", - сказаў дырэктар Мінскага філіяла РУП "Белмытнясэрвіс" Аляксандр Скачкоўскі.
Прадпрыемства стварыла шматфункцыянальную лагістычную сетку, якая ўключае восем транспартна-лагістычных цэнтраў, пад'язныя шляхі і кантэйнерную пляцоўку ў Мінскім раёне. "Белмытнясэрвіс" з 2016 года актыўна развівае праекты па ініцыятыве "Пояс і шлях" па перавозцы грузаў чыгуначным транспартам у складзе арганізаваных кантэйнерных паяздоў, з'яўляючыся адначасова грузаатрымальнікам/грузаадпраўшчыкам, суаператарам і экспедытарам. За дзевяць месяцаў 2020 года прадпрыемства адправіла ў КНР 627 кантэйнераў. Агульны аб'ём пастаўленай прадукцыі - 17 тыс. т. Час у шляху руху да пункта назначэння складае 14-16 дзён. Месцы дастаўкі тавараў у КНР - Тайюань, Чанша, Чысуму.
"Чыгуначны транспарт - адзін з самых эканамічных, надзейных і дакладных спосабаў дастаўкі грузаў, універсальны пры перамяшчэнні вялікіх аб'ёмаў тавару на значныя адлегласці, гэтым і тлумачацца яго высокія рыначныя паказчыкі. Асноўная перавага кантэйнерных чыгуначных перавозак - адсутнасць дадатковых перагрузак", - адзначылі на прадпрыемстве.
Сярод экспартуемых такім чынам тавараў - беларускія піламатэрыялы, торф, сухая малочная прадукцыя, крухмал. Прадукцыя пастаўляецца з розных рэгіёнаў краіны. У перспектыве плануецца павялічыць частату адправак кантэйнерных паяздоў і пашырыць наменклатуру тавараў.