28 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Сельскагаспадарчая тэхніка беларускай вытворчасці традыцыйна карыстаецца попытам у Літве. Гэта адзначыў пасол Беларусі ў Літве Аляксандр Кароль у інтэрв'ю газеце "Литовский курьер", паведамляе БЕЛТА.
"Толькі за мінулы год каля 700 трактароў было пастаўлена на літоўскі рынак. Літоўскі фермер дагэтуль з нязменным пастаянствам выбірае беларускую тэхніку, - сказаў дыпламат. - У Літве ў нас ёсць прадстаўніцтва Мінскага трактарнага завода".
Аляксандр Кароль упэўнены, што і ў перспектыве, на фоне чаканага скарачэння фінансавання Еўрасаюзам закупак тэхнікі, эканомныя і дбайныя фермеры і гаспадарнікі будуць звяртаць увагу на якасную і недарагую беларускую тэхніку, ну і, вядома, брэндавыя беларускія трактары.
Паводле яго слоў, у знешнім гандлі з Літоўскай Рэспублікай за апошнія пяць гадоў назіраецца рост. Прырост беларускага экспарту ў Літву ў мінулым годзе склаў больш за 10 працэнтаў (яго аб'ём дасягнуў $850 млн), а за пяць месяцаў гэтага года - 52,8 працэнта. "Гэта значыць, што літоўскі рынак прывабны для беларусікх экспартных тавараў. Тое ж самае магу сказаць аб беларускім рынку для літоўскіх тавараў: мы назіраем стабільны рост літоўскага экспарту, які па выніках 2017 года павялічыўся на 20 працэнтаў і захаваў такі ж узровень дынамікі ў першыя чатыры месяцы бягучага года", - прадоўжыў пасол.
Ён таксама звярнуў увагу на рост грузаабароту і аб'ёму перавалкі грузаў у Клайпедскім порце. "Па паказчыках мінулага года мы дасягнулі рэкорднага аб'ёму ў памеры 14,5 млн т грузаў. Практычна ўсе азотныя, калійныя ўгнаенні адгружаліся праз Клайпедскі порт, а іх аб'ём перасягнуў 10 млн т. Павялічыўся аб'ём перавозкі грузаў і чыгункай. Безумоўна, дасягненню такіх высокіх паказчыкаў у эканоміцы садзейнічае актыўнае ўзаемадзеянне нашых асноўных экспарцёраў з кіраўніцтвам Клайпедскага порта, стывідорных кампаній (якія займаюцца пагрузкай і разгрузкай суднаў) і Літоўскіх чыгунак", - падкрэсліў Аляксандр Кароль.