20 мая, Мінск /Святлана Міховіч - БЕЛТА/. Каля 70 прадпрыемстваў прадстаўляюць сваю прадукцыю на I Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "Зялёны дом". Аб гэтым паведаміла сёння на ўрачыстым адкрыцці выстаўкі, якая праходзіць у час XIII Рэспубліканскага экалагічнага форуму ў Мінску, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь узяла на сябе амбіцыйныя планы ў частцы дасягнення крытэрыяў зялёнай эканомікі. І тыя невялікія крокі, якія мы з сённяшняга дня пачынаем паказваць (робім мы іх ужо даўно), прызначаны яшчэ больш з'яднаць усе слаі бізнес-супольнасці, дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, каб сумесна вырашаць экалагічныя праблемы", - растлумачыла Ія Малкіна.
Першы намеснік старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Кухараў адзначыў, што праблемы экалогіі асабліва актуальныя для Мінска - мегаполіса з двухмільённым насельніцтвам. "Мы хочам, каб кожны пачаў думаць аб выніках сваіх дзеянняў. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам дабіцца, каб наша планета стала больш чыстай", - канстатаваў ён.
На выстаўцы прадстаўлены перадавыя кампаніі ў сферы абароны навакольнага асяроддзя, экалагічна чыстых тавараў для насельніцтва і экатурызму, водаачысткі і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў, ачысткі паветра і глебы, сістэм аналітычнага кантролю, энерга- і рэсурсазберажэння, абыходжання з адходамі. У мерапрыемстве ўдзельнічаюць кампаніі з Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы і Чэхіі, сярод якіх
Viessmann (Германія), "Брызант-Энерджы Цэнтр" (Чэхія), Remondis (Германія), беларускія прадпрыемствы LOSBEL, "Нятканы свет", "Экалогія горада", дзяржустанова "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў".Тут таксама можна паглядзець экспазіцыі "100 ідэй для Беларусі" і "25 праектаў ландшафтнага дызайну". Адначасова на плошчах футбольнага манежа праходзіць выстаўка "Свет спорту і здароўя", якая прадстаўляе наведвальнікам сучасныя сродкі для аздараўлення, спартыўнае абсталяванне і інвентар, рыштунак для турызму.
Міжнародная выстаўка "Зялёны дом" з'яўляецца пляцоўкай для прэзентацыі інавацыйных тэхналогій у галіне аховы навакольнага асяроддзя і здароўя чалавека ад негатыўных уздзеянняў. Выстаўка дасць магчымасць ацаніць сучаснае развіццё экалогіі і спрагназаваць магчымыя змяненні. Будучы першай спецыялізаванай экалагічнай выстаўкай у Беларусі, "Зялёны дом" з'яўляецца своеасаблівым люстэркам экалагічнай галіны. Арганізатарам форуму выступіла ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.
Рэспубліканскі экалагічны форум - масавае мерапрыемства, асноўнымі мэтамі якога з'яўляюцца кансалідацыя і актывізацыя ўсіх слаёў грамадства ў вырашэнні праблем аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Форум накіраваны на павышэнне экалагічнай культуры насельніцтва, прапаганду прынцыпаў устойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў.