Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

22 Сак 2018

Каля 30 дакументаў падпісана на грузінска-беларускім бізнес-форуме ў Тбілісі

22 сакавіка, Тбілісі /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Каля 30 дакументаў і дзелавых кантрактаў падпісана на грузінска-беларускім бізнес-форуме ў Тбілісі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы ў сваім выступленні на бізнес-форуме падкрэсліў вялікую дынаміку ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва з Грузіяй і выказаўся за далейшае ўдасканаленне ўмоў для работы бізнес-асяроддзя. Ён адзначыў, што ў абедзвюх дзяржавах створаны прывабныя ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва.

У сваю чаргу першы віцэ-прэм'ер - міністр эканомікі і ўстойлівага развіцця Грузіі Дзмітрый Кумсішвілі падкрэсліў, што Грузію і Беларусь звязвае шматгадовае супрацоўніцтва, якое за апошнія гады ўзмацнілася як на ўзроўні дзяржаў, так і прыватнага сектара. "Упэўнены, што візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўнясе важную лепту ў развіццё адносін, і мы не абмяжуемся існуючымі праектамі, зможам ажыццявіць шмат новых", - сказаў першы віцэ-прэм'ер.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч у размове з журналістамі выказаў упэўненасць, што акрэслены рубеж ва ўзаемным гандлі з Грузіяй у аб'ёме $200 млн будзе дасягнуты ў самы бліжэйшы час. Паводле яго слоў, на бізнес-форуме заключаны дамоўленасці на суму каля $9 млн. "Сума не такая вялікая, але гэта толькі пачатак. Важна, што мы пачалі рэалізоўваць сумесныя праекты, у тым ліку ў галіне машынабудавання. Тут прадстаўлена і беларуская харчовая прадукцыя, нафтахімічны комплекс, будаўнічая галіна, новыя тэхналогіі, ІТ-сектар", - сказаў старшыня БелГПП.

У прыватнасці, Мінскі аўтамабільны завод падпісаў кантракт аб пастаўках сваёй прадукцыі з грузінскім ТАА "Профауто". З гэтай кампаніяй беларускім прадпрыемствам таксама заключана пагадненне аб надзяленні яе эксклюзіўнымі правамі рэалізацыі аўтамабільнай тэхнікі ў Грузіі.

Будуць пастаўляцца ў гэту краіну і беларускія самазвалы. Адпаведнае пагадненне аб супрацоўніцтве, стратэгічным партнёрстве і пастаўцы кар'ернай тэхнікі ў 2018 годзе БелАЗ падпісаў з горназдабыўной кампаніяй RMG Copper.

Мінскі трактарны завод і "Бабруйскаграмаш" заключылі кантракты і пагадненні з грузінскім пастаўшчыком сельскагаспадарчай тэхнікі ТАА "Гермес". Падпісаныя дакументы таксама даюць магчымасць бабруйскаму прадпрыемству арганізаваць у Грузіі пастаянна дзеючую выстаўку ўласнай прадукцыі.

Адзін з ключавых дагавораў падпісаны паміж "Магілёўліфтмашам" і ТАА "ГТУ-СІС". Прадпрыемствы заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве, які прадугледжвае план работ па арганізацыі зборачнай вытворчасці ліфтавага абсталявання ў Грузіі. Для больш плённай работы ў гэтым напрамку бакі падпісалі на палях бізнес-форуму дарожную карту на выпуск абсталявання, а таксама пагадненне на падрыхтоўку (перападрыхтоўку), навучанне грузінскіх спецыялістаў па абслугоўванні і дыспетчараванні ліфтаў.

Беларускі нафтавы гандлёвы дом дамовіўся з прадстаўніцтвам прадпрыемстваў канцэрна "Белнафтахім" у Грузіі на дадатковую пастаўку прадукцыі "Белшыны". З гэтай жа кампаніяй падпісалі дакументы аб пастаўках прадукцыі і супрацоўніцтве Гомельскі хімічны завод і ААТ "Нафтан".

Стане больш у Грузіі і прадуктаў харчавання з Беларусі. Адпаведнае пагадненне на бізнес-форуме заключыў Калінкавіцкі малочны камбінат.

Шэраг дамоўленасцей з грузінскімі кампаніямі дасягнулі беларускія прадпрыемствы фармацэўтычнай галіны. У іх ліку Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, РУП "Кіруючая кампанія холдынга "Белфармпрам", "Белмедпрэпараты". Падпісаныя пагадненні, кантракты і мемарандумы датычацца развіцця супрацоўніцтва паміж бакамі, паставак беларускай прадукцыі ў Грузію і яе рэгістрацыі ў краіне.

Беларускае прадпрыемства экспартна-імпартнага страхавання "Белэксімгарант" заключыла мемарандум аб супрацоўніцтве з кампаніяй Partnership Fund - буйнейшым дзяржаўным інвестыцыйным фондам Грузіі.

Акрамя таго, кантракты на пастаўку прадукцыі заключыла ААТ "Экзон".

У рамках секцыі "Сучасны Мінск і Тбілісі" падпісаны мемарандум паміж СААТ "Камунарка" і ТАА "Бел Трэйд" і пагадненне паміж інфармацыйна-турыстычным цэнтрам "Мінск" і LLC Resistorgeo.

Плануецца таксама падпісаць дагавор аб намерах паміж "Белкамунмашам" і транспартным прадпрыемствам Тбілісі аб пастаўках электробусаў у грузінскую сталіцу і Батумі.

У другой палавіне дня ў Тбілісі плануецца падпісанне пагаднення паміж ТАА "Мінскі гарадскі тэхнапарк" і тэхнапаркам горада Тбілісі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі