3 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння, прымаючы намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Назарава, памочніка кіраўніка дзяржавы Аляксандра Косінца і міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча з дакладам аб стане і развіцці энергетычнага комплексу краіны, даручыў будаваць больш электразарадных станцый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт нагадаў, што ў Беларусі даўно займаюцца развіццём электратранспарту і інфраструктуры да яго. На яго думку, у гэтым вялікая перспектыва. "Сёння ўвесь свет паставіў жорсткія задачы па пераходзе на электрамабілі. Людзям надакучыла дыхаць граззю, людзі хочуць чысціні на нашай планеце. У адваротным выпадку ў гразі гэтай і патонем, - катэгарычна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. - Таму электрамабілі - перспектыва. Ад вас што патрабуецца: электразарадныя станцыі".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў: некаторыя грамадзяне хочуць мець зарадныя станцыі каля свайго дома. "Гасподзь з імі: вашы грошы - наша станцыя. Але павінна быць разумна, мы не павінны на гэтым атрымліваць каласальны прыбытак. Мы потым атрымаем гэты прыбытак за кошт продажу электрычнай энергіі. Таму не на страту, але станцыі трэба будаваць, пачынаючы ад парога (тыя, хто хоча) да грамадскага карыстання, што мы і пачалі рабіць", - даручыў Прэзідэнт.
Цяпер у краіне налічваецца 450 электразарадных станцый. Да канца года іх колькасць павялічыцца мінімум да 600. "Гэта ўжо нешта, але спыняцца ні ў якім разе нельга, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я ўпэўнены, калі мы прапануем варыянт станцый у малых пасёлках, аграгарадках, можа, як я ўжо сказаў, нехта захоча каля дома паставіць станцыю, мы павінны прапанаваць гэтыя паслугі".