11 красавіка, Жлобін /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. У Беларускага металургічнага завода ёсць усе шанцы выйсці з няпростай сітуацыі, якая склалася ў металургічнай галіне, больш моцным. Такое меркаванне журналістам выказаў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў пасля наведвання ААТ "БМЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БМК", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Цяпер вялікая колькасць металургічных прадпрыемстваў адчуваюць цяжкасці, закрываюца, прычым не толькі ў Расійскай Федэрацыі. Фактычна ў гэтай галіне ідзе барацьба за выжыванне. Аднак ёсць упэўненасць, што БМЗ выйдзе з няпростай сітуацыі больш моцным", - лічыць Андрэй Кабякоў.
Праведзеная мадэрнізацыя прадпрыемства дасць магчымасць забяспечыць выпуск гатовай прадукцыі без прамежкавых паўфабрыкатаў. Яна будзе запатрабавана як у айчынным машынабудаванні, так і на знешніх рынках - у буйных машынабудаўнічых карпарацыях, такіх як Mercedes і BMW. Прэм'ер-міністр адзначыў высокі ўзровень тэхналагічнай часткі вытворчасці. "Разам з тым неабходна дасканала прапрацаваць эканамічны складнік. Мы разлічваем, што БМЗ стане адным з флагманаў беларускай прамысловасці", - дадаў Андрэй Кабякоў.
Генеральны дырэктар ААТ "БМЗ" Анатоль Савянок адзначыў, што асноўнай мэтай развіцця прадпрыемства ў 2011-2015 гадах з'яўляліся мерапрыемствы тэхнічнага і тэхналагічнага характару для нарошчвання аб'ёму вытворчасці, давядзення выплаўкі і разліўкі сталі да ўзроўню 3 млн т/год, зніжэнне сабекошту і імпартнага складніка прадукцыі. "У 2015 годзе БМЗ удалося знізіць сабекошт прадукцыі на $97 млн", - падкрэсліў ён.
Беларускі металургічны завод (ААТ "БМЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БМК") заснаваны ў 1984 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці літой загатоўкі, фасоннага, сартавога і арматурнага пракату, труб, металакорду, РМЛ і іншых відаў дроту. Пастаўкі таварнай прадукцыі за межы рэспублікі складаюць больш як 80 працэнтаў ад аб'ёму вытворчасці. На прадпрыемстве працуюць амаль 12 тыс. чалавек.