28 верасня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў прапанаваў арганізаваць у Маскву пастаўкі новай беларускай інавацыйнай тэхнікі. З такой ініцыятывай ён звярнуўся да мэра расійскай сталіцы Сяргея Сабяніна ў час перагавораў у Маскве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы зацікаўлены ў пастаўках у Маскву тэхнікі, - сказаў Андрэй Кабякоў. - У нас ёсць новыя інавацыйныя праекты, якія не сорамна прапанаваць Маскве".
Прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў, што гандлёва-эканамічныя адносіны з Масквой шматпланавыя і разнастайныя. У 2013 годзе ўзаемны тавараабарот склаў $5 млрд, аднак апошнім часам эканамічная сітуацыя крыху паўплывала на яго аб'ёмы. "Але ён па-ранейшаму высокі, стаіць задача перавысіць планку $5 млрд", - сказаў Андрэй Кабякоў. Прэм'ер-міністр дадаў, што толькі ў 2015 годзе Беларусь паставіла ў Маскву прадуктаў харчавання на суму больш як $0,5 млрд.
Кіраўнік урада таксама падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з Масквой у сферы будаўніцтва. На яго думку, работа беларускіх архітэктараў і праекціроўшчыкаў пойдзе толькі на карысць разнапланаваму абліччу расійскай сталіцы.