Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

26 Стд 2017

Кабякоў лічыць рэальным павялічыць тавараабарот з Сербіяй да $500 млн

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў лічыць рэальным павялічыць тавараабарот з Сербіяй да $500 млн. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы са старшынёй урада Сербіі Аляксандрам Вучычам у пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За сем гадоў у рамках рэжыму свабоднага гандлю тавараабарот Беларусі і Сербіі павялічыўся амаль у 5 разоў, перавысіўшы ў 2015 годзе $250 млн. "У 2016 годзе ва ўмовах няпростай эканамічнай сітуацыі нашы паказчыкі значна знізіліся. Аднак патэнцыял эканомік дае магчымасць выйсці на больш інтэнсіўны ўзровень эканамічнага ўзаемадзеяння. Нарасціць тавараабарот з Сербіяй да $500 млн у бліжэйшыя гады - гэта рэальная планка двухбаковага супрацоўніцтва", - лічыць Андрэй Кабякоў.

Для гэтага Беларусь прапануе ад гандлю пераходзіць да паглыбленага інвестыцыйнага і навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Паводле слоў прэм'ер-міністра, сумесныя прадпрыемствы і праекты дадуць магчымасць выкарыстаць перавагі кожнага з бакоў і атрымаць большы прыбытак. Ён прапанаваў выходзіць на прамыя пастаўкі тавараў паміж краінамі, без пасрэднікаў, у тым ліку шляхам стварэння сумесных гандлёва-інвестыцыйных кампаній, зборачных вытворчасцей. "Важна ўжо цяпер уключыцца ў актыўную работу па развіцці кааперацыйных сувязей і стварэнні сумесных вытворчасцей, тым больш што станоўчыя прыклады мы ўжо маем", - лічыць кіраўнік беларускага ўрада. Так, у Сербіі функцыянуюць суб'екты тавараправоднай сеткі буйных беларускіх машынабудаўнічых прадпрыемстваў-экспарцёраў.

"Беларусь нацэлена на доўгатэрміновае супрацоўніцтва з Сербіяй. Са свайго боку мы імкнёмся ўлічваць інтарэсы Сербіі і забяспечыць максімальную лакалізацыю сумесна вырабленага прадукту", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Паводле яго слоў, па многіх напрамках краіны складаюць сур'ёзную канкурэнцыю заходнім кампаніям, што вельмi выгадна для Сербіі, паколькі дае магчымасць атрымаць тэхналогіі, вырабіць уласны прадукт, дадаткова стварыць рабочыя месцы. Беларусь гатова да рэалізацыі праекта па сумеснай вытворчасці пажарных машын на базе шасі МАЗ для патрэб Сербіі. Пры наведванні Мінскага аўтамабільнага завода Аляксандр Вучыч сёння зможа ўбачыць такі аўтамабіль, створаны разам з расійскімі партнёрамі. Беларусь таксама зацікаўлена ў стварэнні міжнароднага холдынга па вытворчасці аўтакампанентаў на базе прадпрыемстваў "Белаўтагаз" і "Петар Драпшын".

Сёння Беларусь і Сербія падпісалі дарожную карту па развіцці супрацоўніцтва на 2017-2018 гады. "Упэўнены, што рэалізацыя гэтай дарожнай карты створыць спрыяльныя ўмовы для максімальна поўнага выкарыстання патэнцыялу беларуска-сербскага супрацоўніцтва. Перакананы, што сумеснымі намаганнямі наша ўсебаковае супрацоўніцтва напоўніцца яшчэ больш глыбокім зместам і доўгатэрміновай перспектывай, для гэтага ёсць магутны фундамент, закладзены лідарамі нашых краін", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Аляксандр Вучыч падтрымаў Андрэя Кабякова ў тым, што краінам трэба сканцэнтравацца на эканамічных пытаннях. Беларусь і Сербія будуць прыкладаць намаганні, каб дасягнуць тавараабароту ў памеры $500 млн у 2019 годзе, упэўнены ён.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі