16 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь разлічвае на павелічэнне паставак тэхнікі ў Стаўрапольскі край і стварэнне новых сумесных прадпрыемстваў. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з губернатарам Стаўрапольскага края Расіі Уладзімірам Уладзіміравым, перадае карэспандэнт БЕЛТА."Зусім нядаўна мы мелі тавараабарот чвэрць мільярда долараў. У мінулым годзе ён аказаўся меншым прыблізна на $100 млн, але мы мяркуем, што той максімум, які быў зусім нядаўна, мы аператыўна адновім", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Перш за ўсё Беларусь разлічвае на павелічэнне паставак у Стаўрапольскі край шырокага спектра тэхнікі і гатова забяспечыць яе якаснае абслугоўванне. "Мы гатовы пастаўляць увесь спектр прадукцыі айчыннага машынабудавання для рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў у Стаўрапольскім краі - гэта пасажырская, камунальная, грузавая, дарожна-будаўнічая і іншая тэхніка", - дадаў прэм'ер-міністр. Пастаўкі тэхнікі магчымы на ўмовах лізінгу.
Для пашырэння кааперацыйных сувязей плануецца рэалізаваць сумесныя праекты МАЗа і холдынга "Аўтакампаненты" з прадпрыемствамі Стаўрапольскага края.
Што датычыцца аграпрамысловага комплексу, то Беларусь можа падключыцца да рэалізацыі праектаў па рэканструкцыі і будаўніцтве жывёлагадоўчых комплексаў. Спецыялісты гатовы забяспечыць праектаванне і будаўніцтва пад ключ у Стаўрапольскім краі малочнатаварных комплексаў.
Андрэй Кабякоў лічыць перспектыўным супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. "У нас ёсць добры вопыт праектавання і будаўніцтва жылля, мы актыўна прысутнічаем на расійскім рынку, перш за ўсё ў Калужскай, Бранскай, Смаленскай абласцях", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.
Беларусь гатова актывізаваць супрацоўніцтва ў лёгкай прамысловасці. "Мы зацікаўлены ў пастаўках гарбарнай сыравіны, шэрсці з вашага рэгіёна. У сваю чаргу гатовы пастаўляць для курортных зон Стаўрапольскаму краю тавары лёгкай прамысловасці, якія запатрабаваны гасцініцамі, санаторыямі", - растлумачыў кіраўнік беларускага ўрада.
Уладзімір Уладзіміраў у сваю чаргу адзначыў, што Стаўрапольскі край зацікаўлены ў прапрацоўцы канкрэтных праектаў з Беларуссю. "Усе дзверы будуць адкрыты, па супрацоўніцтве з МАЗам ужо ёсць папярэднія дамоўленасці", - дадаў ён.
Па выніках сустрэчы Андрэй Кабякоў і Уладзімір Уладзіміраў падпісалі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Стаўрапольскага края аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве.