25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/.
Беларусь і Чачня маюць сур'ёзны патэнцыял для развіцця гандлёвага супрацоўніцтва і вытворчай кааперацыі, заявіў сёння прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў у час сустрэчы з кіраўніком Чачэнскай Рэспублікі Расійскай Федэрацыі Рамзанам Кадыравым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.У час сустрэчы бакі абмеркавалі перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва. "Перш за ўсё размова ідзе аб гандлёвым супрацоўніцтве. Ёсць патэнцыял яго шматразовага павелічэння ў бліжэйшыя некалькі гадоў. Мы зацікаўлены пастаўляць у Чачню нашу надзейную і даступную па цане пасажырскую, грузавую, кар'ерную, сельскагаспадарчую, дарожна-будаўнічую, камунальную тэхніку. МАЗ ужо сёння гатовы ўдзельнічаць у мадэрнізацыі грузавога і аўтобуснага парку Чачні. Пры вашай падтрымцы мы маглі б ажыццяўляць комплексную пілотную пастаўку гэтай тэхнікі", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Другім напрамкам, паводле слоў Андрэя Кабякова, магла б стаць вытворчая кааперацыя ў прыярытэтных для чачэнскага боку галінах. "Першым крокам можа стаць стварэнне ў Чачні нашым "Бабруйскаграмашам" зборачнай вытворчасці па пагадненні, падпісаным з вашым Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Завод вызначыўся з пляцоўкамі, этапамі рэалізацыі праекта. Для прадаўжэння работы неабходна ваша падтрымка гэтай сумеснай ініцыятывы", - звярнуўся прэм'ер-міністр да кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі.
Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Беларусі і Чачні трэба развіваць і іншыя сумесныя праекты, у прыватнасці, па пастаўках абсталявання і запасных частак холдынга "Аўтакампаненты" на прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Чачні.
"Трэці напрамак - гэта супрацоўніцтва ў аграрным сектары з улікам вашых планаў па яго мадэрнізацыі. Упэўнены, вам будзе цікавы вопыт нашых спецыялістаў і навукова-практычныя распрацоўкі ў АПК - гэта ўкараненне перадавых тэхналогій у вытворчасць і перапрацоўку сельгаспрадукцыі, стварэнне малочнатаварных ферм, пастаўка сучасных даільных залаў, раслінаводства, племянная жывёлагадоўля, ветэрынарыя. У Беларусі вырабляецца шырокая гама сельгастэхнікі і абсталявання, усё гэта мы можам пастаўляць і ў Чачэнскую Рэспубліку. Гатовы падзяліцца вопытам стварэння аграгарадкоў, удзельнічаць у праграмах па развіцці сацыяльнай інфраструктуры і інжынернага ўладкавання сельскіх паселішчаў", - заявіў кіраўнік беларускага ўрада.
Акрамя таго, Беларусь бачыць перспектывы супрацоўніцтва ў будаўніцтве і ЖКГ. "Беларускія арганізацыі маюць вопыт работы ў іншых рэгіёнах Расіі ў сферы дарожнага будаўніцтва, праектавання, узвядзення жылля і інфраструктуры і зацікаўлены ва ўдзеле ў такіх праектах у Чачні. Таксама мы можам забяспечыць пастаўкі дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі, будматэрыялаў і ліфтаў", - паведаміў Андрэй Кабякоў.
Пры гэтым прэм'ер-міністр адзначыў, што напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Чачні не вычэрпваюцца пералічаным. "Іх можа быць намнога больш. Гэта і ахова здароўя, і адукацыя, і турызм, і іншыя сферы. Мы разлічваем на сур'ёзную актывізацыю нашага ўзаемадзеяння як на ўзроўні органаў выканаўчай улады, так і на ўзроўні дзелавых колаў", - рэзюмаваў ён.
Кіраўнік беларускага ўрада заявіў, што прамыя сувязі з суб'ектамі Расіі з'яўляюцца асновай гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння і фундаментам адносін паміж Беларуссю і Расіяй. "Мы высока цэнім вашы канкрэтныя крокі па ўстанаўленні партнёрскіх адносін з Беларуссю, сведчаннем чаго з'яўляецца падпісанне на нядаўнім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Маскве міжурадавага пагаднення аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Тут ёсць інтарэс да паглыблення нашага ўзаемадзеяння, мы гэта вітаем, галоўнае цяпер - напоўніць гэта пагадненне канкрэтным зместам і праектамі, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. І ў гэтых мэтах прапануецца распрацаваць і падпісаць у пачатку 2018 года план мерапрыемстваў на 2018-2020 гады па рэалізацыі пагаднення, дзе будуць зафіксаваны перспектыўныя напрамкі нашага супрацоўніцтва і адказныя выканаўцы", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.
У сваю чаргу Рамзан Кадыраў падкрэсліў, што наладжванне сувязей паміж Беларуссю і Чачнёй з'яўляецца новым этапам на шляху ўмацавання беларуска-расійскіх адносін. "Гэты працэс мае вялікае значэнне для далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця нашых краін. У нас вялікі патэнцыял для гандлёва-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага супрацоўніцтва. Вялікае значэнне мы надаём і сумеснай дзейнасці па вытворчасці тавараў і паслуг. На стадыі распрацоўкі і рэалізацыі знаходзяцца цікавыя інвестыцыйныя праекты, у тым ліку ў сферы будаўніцтва і сельскай гаспадаркі", - заявіў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі.