27 ліпеня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. СЗАТ "БелДжы" неабходна стварыць сетку сучасных цэнтраў продажаў выпускаемай прадукцыі, заявіў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па выніках рабочай паездкі ў Мінскую вобласць, у ходзе якой ён наведаў прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мне давялося пакрытыкаваць кіраўніцтва, прычым перш за ўсё за работу на ўнутраным рынку. Атрымалася так, што яны скарысталіся старой базай для стварэння цэнтраў па продажах і сэрвісе, што вядома яшчэ з савецкіх часоў. Але склалася ўражанне, што тая начынка, якая была ў той час створана, амаль у нязменным стане і засталася, а мы ўжо ў 21-м стагоддзі жывём", - адзначыў Андрэй Кабякоў. У якасці прыкладу ён прывёў цэнтры продажаў вядомых сусветных брэндаў, якія размешчаны ўздоўж Мінскай кальцавой дарогі. "У іх нават калі не хочаш купіць, то проста прыемна зайсці, пацікавіцца. Можа, чалавек у перспектыве будзе імкнуцца купіць той ці іншы прадукт, які там прадаецца. Пакуль такой прапановы, нягледзячы на тое што мы ўжо некалькі гадоў выпускаем аўтамабілі маркі Geely, няма", - растлумачыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, новы завод СЗАТ "БелДжы" будзе адным з тых прадпрыемстваў, якія забяспечваюць інавацыйнае развіццё эканомікі. Яго праектная магутнасць - 60 тыс. аўтамабіляў у год. Тэрмін уводу - 31 снежня 2016 года. "Ёсць усе перадумовы да таго, што гэта менавіта так і будзе. Ва ўсякім разе ўсе асноўныя ўзнікаючыя няпростыя пытанні ў будаўніцтве ў пераважнай большасці вырашаны. І падрадчыкі, і кітайскія партнёры поўныя рашучасці ўвесці яго ў тэрмін", - канстатаваў кіраўнік урада.
Чакаецца, што да 1 студзеня 2017 года ўзровень лакалізацыі ў вытворчасці аўтамабіляў складзе 30 працэнтаў, да 1 ліпеня 2018 года - не менш як 50 працэнтаў. "Няпростая задача - той узровень лакалізацыі, аб якім гаворыцца. Патрабаванні жорсткія, перш за ўсё па якасці і, вядома, па цане. Пакуль у нашых работнікаў вытворчасці прысутнічаюць праблемы ў гэтай частцы. Спатрэбіцца сур'ёзная перабудова і пастаяннае ўдасканаленне. Але калі мы хочам канкурыраваць на сусветным узроўні, а аўтамабільны рынак - гэта сусветная канкурэнцыя, значыць, мы павінны адпавядаць", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
"У нас ніколі не было вытворчасцей такога ўзроўню рабатызацыі, аўтаматызацыі. Гэта для нас новы ўзровень. Але яшчэ раз падкрэсліваю: калі не будзеш пастаянна працаваць над якасцю і цаной, то нават пры самых добрых намерах можна не атрымаць выніку. Таму трэба зрабіць усё, каб атрымаць той рэзультат, які планавалася атрымаць пры стварэнні бізнес-плана", - адзначыў прэм'ер-міністр.