3 лістапада, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Кыргызстан аднаўляюць зборку трактароў у Бішкеку. Урачыстая цырымонія адкрыцця зборачнай вытворчасці трактароў "Беларус" на базе ТАА "Аўтамаш-Радыятар" прайшла сёння ў Бішкеку з удзелам прэм'ер-міністра Беларусі Андрэя Кабякова і выконваючага абавязкі прэм'ер-міністра Кыргызстана Сааранбая Жээнбекава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Зборка трактароў будзе ажыццяўляцца на вытворчай плошчы 2 тыс. кв.м, з іх 800 кв.м адведзена непасрэдна для зборачнага канвеера, 1,2 тыс. кв.м. - выдзелены для складскіх памяшканняў. Праектная магутнасць зборачнай вытворчасці складае да 5 тыс. трактароў у год. Плануецца, што на першым этапе (2017-2018 гады) тут будуць выпускаць да 1 тыс. адзінак тэхнікі. Трактары будуць пастаўляць як на ўнутраны рынак Кыргызстана, так і ў краіны блізкага і далёкага замежжа. У прыватнасці, ужо сёння прапрацоўваецца магчымасць экспарту тэхнікі ў Кітай і Туркменістан.
Як адзначыў Андрэй Кабякоў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, Мінскі трактарны завод мае багатую гісторыю і ўваходзіць у дзясятку буйнейшых сусветных вытворцаў трактароў. Прадпрыемства гатова прапанаваць кыргызскім партнёрам шырокую лінейку сучасных трактароў. "Мы разлічваем на тое, што вы зможаце гэту тэхніку асвоіць, рабіць яе якасна, а паколькі ваша прадпрыемства адначасова з'яўляецца і дылерскім цэнтрам, - забяспечыць як гарантыйнае, так і паслягарантыйнае абслугоўванне", - сказаў ён. Са свайго боку ўрад Беларусі будзе падтрымліваць гэту зборачную вытворчасць. "Мы вельмі зацікаўлены, каб у Кыргызстане быў наш цэнтр, які будзе займацца і вытворчасцю трактарнай тэхнікі, і абслугоўваннем тэхнікі іншых нашых вытворцаў - МАЗ, Гомсельмаш, Амкадор", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Беларусь разлічвае на тое, што і ўрад Кыргызстана падтрымае праект. "Мы разлічваем на тое, што і ўрад Кыргызстана будзе падтрымліваць гэту вытворчасць з тым, каб тыя заказы, якія будуць размяшчацца, былі запатрабаваны, і вы заўсёды мелі работу", - дадаў Андрэй Кабякоў.
Ён нагадаў, што ўрад Беларусі падпісаў пагадненне з "Айыл Банкам", у адпаведнасці з якім будзе аказвацца падтрымка спажыўцам выпускаемай на зборачнай вытворчасці тэхнікі.
У сваю чаргу Сааранбай Жээнбекаў звярнуў увагу на тое, што новая вытворчасць мае важнае значэнне як для прамысловасці, так і для сельскай гаспадаркі Кыргызстана. "Мы цвёрда верым у паспяховую рэалізацыю гэтага праекта, таму што абапіраемся на два знакамітыя заводы - МТЗ і "Аўтамаш-Радыятар", - заявіў ён.
Прадукцыя сумеснай вытворчасці запатрабавана перш за ўсё аграрным сектарам Кыргызстана. "Нашы сяляне і фермеры добра знаёмы з трактарамі маркі "Беларус", даўно карыстаюцца імі і лічаць гэту тэхніку надзейнай", - дадаў ён.
Сааранбай Жээнбекаў выказаў упэўненасць у тым, што традыцыйна дружалюбныя адносіны паміж Беларуссю і Кыргызстанам будуць і ў далейшым умацоўвацца і развівацца.
Як адзначыў генеральны дырэктар ААТ "МТЗ" Фёдар Дамаценка, пры пастаўцы машынакамплектаў на зборачную вытворчасць трактароў у Кыргызстан плануецца выкарыстоўваць мытны рэжым "свабодны склад", які дае магчымасць рэалізоўваць прадукцыю зборачнай вытворчасці канчатковаму спажыўцу без ПДВ.
Праект рэалізаваны ў адпаведнасці з мемарандумам аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і меліярацыі Кыргызстана, Мінскім трактарным заводам і ТАА "Аўтамаш-Радыятар".
ТАА "Аўтамаш-Радыятар" з'яўляецца даччыным таварыствам АТ "Кыргызаўтамаш" - буйнейшага прадпрыемства машынабудаўнічага комплексу Кыргызстана. У 2000 годзе АТ "Кыргызаўтамаш" увайшло ў склад холдынга "Кампазіт Груп" (Расія). "Аўтамаш-Радыятар" спецыялізуецца на выпуску больш як 200 найменняў медна-латунных аўтамабільных і трактарных радыятараў пад брэндам "Кампазіт Груп", з якіх 98 працэнтаў пастаўляецца на экспарт у блізкае і далёкае замежжа (Расію, Беларусь, Украіну, Казахстан, Узбекістан, Туркменістан, Польшчу і Венгрыю).
На базе "Аўтамаш-Радыятар" функцыянуе дылерскі цэнтр па продажы беларускай тэхнікі, які таксама забяспечвае сэрвісную падтрымку, уключаючы перадпродажную падрыхтоўку, гарантыйнае і паслягарантыйнае абслугоўванне.