24 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумесныя праекты Беларусі і Зімбабвэ ў галіне прамысловасці маюць высокі патэнцыял. Упэўненасць у гэтым выказаў міністр прамысловасці Аляксандр Яфімаў у час рабочай сустрэчы з галоўным сакратаром Прэзідэнта і Кабінета Рэспублікі Зімбабвэ Марцінам Рушвая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Кіраўнік ведамства выказаў зацікаўленасць у пашырэнні паставак на зімбабвійскі рынак прадукцыі арганізацый Міністэрства прамысловасці, адзначыўшы, што Афрыка сёння - гэта рэгіён, які актыўна развіваецца і мае вялікі інтарэс для сусветнай бізнес-супольнасці.
"Для беларускай прамысловасці афрыканскі рынак з'яўляецца адным з прыярытэтных і перспектыўных для паставак прадукцыі. Менавіта ў Рэспубліцы Зімбабвэ ў апошнія гады найбольш паспяхова рэалізуюцца нашы сумесныя праекты", - падкрэсліў Аляксандр Яфімаў.
Паводле яго слоў, у адносінах з Зімбабвэ створаны спрыяльныя ўмовы і перадумовы для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў доўгатэрміновай перспектыве. Гэтаму садзейнічаюць афіцыйныя і рабочыя візіты, у тым ліку на вышэйшым узроўні.
Марцін Рушвая са свайго боку даў высокую ацэнку прамысловаму ўзаемадзеянню дзвюх краін. "У выніку паставак беларускай тэхнікі наша сельскагаспадарчая вытворчасць значна ўзрасла", - канстатаваў высокі госць. Ён таксама звярнуў увагу на забеспячэнне беларускім бокам высокага ўзроўню сэрвіснага абслугоўвання пасталяемай тэхнікі.
У час сустрэчы бакі абмеркавалі ключавыя напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння. "Міністэрства прамысловасці гатова да цеснага супрацоўніцтва з Зімбабвэ ў прамысловай сферы. Упэўнены, што шырокі спектр беларускіх тавараў арганізацый Міністэрства прамысловасці будзе і ў далейшым запатрабаваны на рынку Зімбабвэ і дазволіць істотным чынам павялічыць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі Зімбабвэ", - сказаў Аляксандр Яфімаў.