27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ва ўмовах санкцый Захаду беларускі напрамак стаў адным з прыярытэтных для турыстаў з Расіі. Як вынік - магутны паток турыстаў з гэтай краіны ў 2022 годзе, адзначыў старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы.
Такую стабілізацыю прысутнасці беларускага турпрадукту на расійскім рынку ён назваў вялікім дасягненнем. "Новы трэнд - маладыя турысты з Расіі. У іх запатрабаваны гарадскі прадукт, атэлі прэміум-класа. Прычым прыязджаць з Расіі ў Беларусь сталі не толькі на выхадныя, але і на больш працяглы час - да 10 дзён. Наша пляцоўка задавальняе ўсе патрэбнасці расійскіх турыстаў", - адзначыў старшыня праўлення.
За 10 месяцаў 2022 года Беларусь наведалі каля 393 тыс. турыстаў з Расіі (без уліку тых, хто прыбыў праз наземныя граніцы). Аб'ём экспарту турпаслуг у РФ у гэтым годзе склаў $119 млн, павялічыўшыся ў параўнанні з мінулым годам у два разы.
Намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алег Андрэйчык адзначыў, што не толькі Беларусь стала прыярытэтным напрамкам для расійскага турыста, але і Расія - для беларускага. "Мы адзначаем рост попыту і павелічэнне колькасці тураў у Расійскую Федэрацыю, прычым не толькі ў Санкт-Пецярбург і Маскву, але і ў іншыя гарады. Цяпер на турыстычным рынку Расіі адкрываецца шмат напрамкаў", - адзначыў намеснік міністра.
Развіццю ўзаемнага турызму паміж Беларуссю і Расіяй садзейнічаюць не толькі агульная моўная прастора і магчымасць выкарыстоўваць адзіныя фінансавыя інструменты (плацежныя карткі), але і развітая транспартная лагістыка. Таму і цяпер, напярэдадні навагодніх свят, традыцыйна назіраецца рост турыстычнага патоку паміж Расіяй і Беларуссю, якія ўваходзяць у Саюзную дзяржаву.