10 чэрвеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельская і Хатлонская (Таджыкістан) вобласці маюць намер развіваць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыя Козела з дэлегацыяй з Таджыкістана, якую ўзначаліў першы намеснік старшыні выканаўчага органа дзяржаўнай улады Хатлонскай вобласці Салімзада Файзула, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Дзмітрый Козел звярнуў увагу: Гомельская вобласць - самая прамысловая ў Беларусі. Вельмі шмат зроблена за апошнія гады па ўсіх напрамках. Гасцям расказалі аб прамысловым, інвестыцыйным, вытворчым, навукова-тэхнічным і кадравым патэнцыяле.
На думку першага намесніка старшыні аблвыканкама, той узровень знешнегандлёвага ўзаемадзеяння, які ёсць паміж абласцямі цяпер, наўрад ці можна прызнаць дастатковым. "У нас ёсць запас магутнасці для далейшага росту супрацоўніцтва. Мы гатовы і адкрыты для розных прапаноў", - падкрэсліў ён.
Як прыклад выгаднага ўзаемадзеяння Дзмітрый Козел назваў партнёрства ў малочнай вытворчасці. Так, гомельскія спецыялісты могуць будаваць фермы пад ключ.
Салімзада Файзула адзначыў, што ў Гомельскай вобласці добра развіта і сельская гаспадарка, і прамысловасць. "Думаю, мы знойдзем кропкі для росту далейшага супрацоўніцтва. У нас ёсць намеры ў закупцы мінеральных угнаенняў, лесу, буйной рагатай жывёлы, а таксама кармоў для птушкагадоўчых прадпрыемстваў, якія ў нас вельмі развітыя", - сказаў ён.
Гаворачы аб патэнцыяле Хатлонскай вобласці, кіраўнік дэлегацыі расказаў, што гэта буйны рэгіён Таджыкістана. Паводле яго слоў, у вобласці вырошчваюць па некаторых сельскагаспадарчых прадуктах ад 48 працэнтаў да 78 працэнтаў усяго рэспубліканскага аб'ёму. "Гэта агародніна, раннія фрукты, бахчавыя культуры, цытрусавыя. Напрыклад, лімон наш вельмі знакаміты - цудоўны, салодкі. Трэба толькі папрацаваць над лагістыкай", - лічыць Салімзада Файзула.
Яшчэ адзін напрамак для партнёрства - аграэкатурызм. Гасцям расказалі аб патэнцыяле паўднёва-ўсходняга беларускага рэгіёна ў гэтым напрамку. У сваю чаргу госці нагадалі, што апошнія гады ў Таджыкістане былі аб'яўлены гадамі турызму. Вялікую ўвагу ўдзялялі і аграэкатурызму. "У нас вельмі развіты гэты напрамак. І мы можам знайсці агульныя інтарэсы, каб і нашы турысты да вас прыехалі, і вашы пабывалі ў нас", - перакананы Салімзада Файзула.
На сустрэчы бакі выказалі агульнае меркаванне, што ёсць чаму павучыцца адзін у аднаго, а развіццё супрацоўніцтва будзе карыснае для двух рэгіёнаў і іх жыхароў.