10 жніўня, Пухавіцкі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мінскай вобласці высока ацаніў патэнцыял інвестыцыйнага праекта па арганізацыі высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, які рэалізуе ў Пухавіцкім раёне ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі аб тым, як ідзе будаўніцтва аб'ектаў, прадугледжаных інвестпраектам. Так, у верасні - снежні плануецца датэрмінова запусціць аб'екты аграпрамысловага комплексу: збожжасховішча, чатыры заводы па вытворчасці камбікармоў для буйной рагатай жывёлы, птушкі і свіней, рыб і завод па вытворчасці прэміксаў. У гэты ж перыяд чакаецца ўвядзенне ў эксплуатацыю аб'ектаў інфраструктуры.
З сакавіка 2021 года плануецца запуск вытворчасці амінакіслот - гэта прадпрыемства няспыннага цыкла, яно будзе функцыянаваць 330 дзён на год. А на яго прадукцыю ўжо ёсць пакупнікі, у прыватнасці дасягнута дамоўленасць, што амінакіслоты будзе купляць сусветны трэйдар, які з'яўляецца буйнейшым пастаўшчыком гэтай прадукцыі на еўрапейскі рынак.
Да лета 2024 года чакаецца запуск у эксплуатацыю так званага праекта перспектыўнага развіцця "БНБК-3". Ён прадугледжвае арганізацыю вытворчасці вітамінаў, амінакіслот, прадуктаў крухмальнай, глюкознай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць наладзіць выпуск прынцыпова новых як для Беларусі, так і для ўсіх краін СНД прадуктаў - вітамінаў (В2, В12, С) і новых відаў амінакіслот (валін, лейцын, ізалейцын). "Калі мы пачнём гаварыць пра лякарствы, вітаміны, гэта ўжо космас. І гэты космас недалёкі. Яны пачалі праектаванне. Трэцюю чаргу ў бліжэйшыя тры гады пабудуюць", - адзначыў Прэзідэнт, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках наведвання аб'екта.
Генеральным падрадчыкам праекта выступае кітайская кампанія "СІЦІК Груп". Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу: будаўнічыя работы па інвестпраекце прадаўжаліся і ў перыяд складанай эпідэміялагічнай абстаноўкі, што дало магчымасць не толькі не адстаць ад графіка, але і ісці апераджальнымі тэмпамі. "Не было б шчасця, дык няшчасце дапамагло. Каранавірус спыніў эканоміку ва ўсім свеце, і так атрымлівалася, што магутнейшая сусветная кампанія ("СІЦІК". - Заўвага БЕЛТА) працуе толькі ў Беларусі. Гэта наша шчасце, што мы выбралі правільную тактыку і не закрылі краіну. Таму праз тры гады мы сюды з вамі дакладна прыедзем і ўбачым тут касмічную вытворчасць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Такой вытворчасцю валодаюць адзінкі краін - усяго чатыры краіны, і сярод іх Беларусь. Гэта больш, чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся, а гэта зусім новая вытворчасць, і сыравіна наша - 700 тыс. т збожжа сёння гатова купляць БНБК па сусветных цэнах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Больш таго, у перспектыве кампанія БНБК мае намер працаваць непасрэдна з айчыннымі сельгасвытворцамі, самастойна займаючыся вырошчваннем і нарыхтоўкай сыравіны, а таксама спадарожнымі відамі дзейнасці. "Гэта добра для нашых сялян. У цэлым гэта мацнейшы лакаматыў аграпрамысловай вытворчасці. І не толькі аграпрамысловай. Не трэба забываць, што яны тут і біяінстытут створаць", - адзначыў Прэзідэнт.
Асобна кіраўнік дзяржавы падзякаваў кітайскім партнёрам за іх вялікую ролю ў рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. "Не было б рашэння Сі Цзіньпіна (Старшыні КНР. - Заўвага БЕЛТА), не было б гэтай вытворчасці. Гэта падарунак кітайскага народа і асабіста гэтага чалавека", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.