1 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З пачатку года ўзаемны тавараабарот Беларусі і Расіі вырас на 8,5 працэнта. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы з прэм'ерам Расіі Міхаілам Мішусціным у Ерэване ў рамках Еўразійскага эканамічнага форуму, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"8,5 працэнта мы прыбавілі ва ўзаемным тавараабароце за мінулы перыяд бягучага года. Гэта адбылося на фоне сур'ёзнага скачка ў мінулым годзе. Нягледзячы на ўсе складанасці, з якімі мы сутыкаемся, гэтыя лічбы сведчаць аб тым, што курс быў выбраны правільна і кааперацыя ва ўсіх сферах дае станоўчы вынік", - заявіў Раман Галоўчанка.
Прэм'ер дадаў, што ключавыя напрамкі развіцця супрацоўніцтва - прамысловая кааперацыя, тэхналагічны суверэнітэт і імпартанезалежнасць. "Над гэтым працуюць нашы арганізацыі на ўсіх узроўнях, па лініі Міністэрства прамысловасці рэалізуецца шэраг праграм, якія нацэлены на хутчэйшае замяшчэнне імпартнага кампанента не толькі ў "жалезе", але і ў праграмным забеспячэнні, чаму таксама ўдзяляецца пільная ўвага. Мы ў гэту работу таксама актыўна ўключыліся", - расказаў кіраўнік беларускага ўрада.
ІІІ Еўразійскі эканамічны форум праходзіць 30 верасня - 1 кастрычніка 2024 года ў Ерэване (Рэспубліка Арменія). Форум прымеркаваны да пасяджэння Еўразійскага Міжурадавага савета з удзелам кіраўнікоў урадаў дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза і дзяржаў-наглядальніц. Мерапрыемства праходзіць у рамках старшынства Рэспублікі Арменія ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза ў 2024 годзе.