29 лістапада, Капыльскі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі павялічаць вытворчасць мяса індычкі. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час наведвання вытворчай пляцоўкі ААТ "Агракамбінат "Дзяржынскі", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння кіраўніку беларускага ўрада далажылі аб рэалізацыі агракамбінатам "Дзяржынскі" інвестыцыйнага праекта па гадоўлі індычак. Раману Галоўчанку паказалі тэхналогію і ўвесь ланцуг вытворчасці прадукцыі з мяса індычак.
"Індычкі - важны напрамак развіцця мясной птушкагадоўлі ў краіне, што ідзе хуткімі тэмпамі. У параўнанні з 2021 годам вытворчасць гэтага карыснага віда мяса вырасла больш як у тры разы. У нас у краіне цяпер тры пляцоўкі - у Астраўцы, Лідзе і Капыльскім раёне", - сказаў Раман Галоўчанка.
Пляцоўка агракамбіната "Дзяржынскі" ў Капыльскім раёне разлічана на вытворчасць 6 тыс. т мяса індычак у год. "У гэтым годзе агульны аб'ём вытворчасці ў краіне будзе каля 10 тыс. т. Як я ўжо сказаў, гэта ў тры разы больш, чым было тры гады таму. І на гэтым нашы вытворцы спыняцца не збіраюцца. Агракамбінат плануе пабудаваць у яшчэ адным раёне вытворчасць на 4 тыс. т", - адзначыў прэм'ер-міністр.
Паводле яго слоў, попыт на такое мяса добры, яго папулярнасць расце. "Нам трэба галоўным чынам насыціць унутраны рынак. Экспарт таксама мае месца быць. Больш за 1200 т паставілі ў Расію. Нягледзячы на тое, што там даволі вялікія магутнасці, вытворчасць складае больш за 400 тыс. т, беларускія індычкі там актыўна прадаюцца. Прычым кантракты заключаюцца непасрэдна з магазінамі, гіпермаркетамі і гандлёвымі сеткамі", - звярнуў увагу кіраўнік беларускага ўрада.
Гэты напрамак плануецца актыўна развіваць у Беларусі. "Дзяржава падтрымлівае развіццё гэтага напрамку праз прадастаўленне спецыяльных ільготных крэдытаў. Адзін з наступных аб'ектаў будзе ўключацца ў праграму "Адзін раён - адзін праект", - дадаў Раман Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр прызнаўся, што сам з задавальненнем ужывае мяса індычкі. "Вельмі смачнае мяса. Часта бяру адварное філе на абед. Усім раю", - сказаў ён.
Як расказалі ў агракамбінаце "Дзяржынскі", прадукцыя з мяса індычкі вельмі запатрабавана, стаўка на яе апраўдалася. Яна не залежваецца на складах і на паліцах магазінаў. Вытворчасць у Капыльскім раёне ў асноўным аўтаматызаваная, на ёй працуе каля 200 чалавек. Чакаецца, што колькасць супрацоўнікаў будзе расці. Цяпер прадпрыемства працуе ў адну змену, але з-за высокага попыту плануецца перайсці да работы ў дзве змены.