22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Беларусі зацікаўлены ў прыходзе армянскага бізнесу ў краіну, паведаміў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на сустрэчы з паслом Арменіі ў Беларусі Арменам Гевандзянам, які завяршае сваю дыпмісію ў краіне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мы настроены актыўна працаваць на армянскім рынку. Вядома, зацікаўлены, каб армянскі бізнес прыходзіў у Беларусь з якаснымі, недарагімі, экалагічна чыстымі прадуктамі харчавання. У вас вырабляецца вялікая наменклатура плодаагародніннай прадукцыі, мы ведаем, што армянскі бізнес вельмі актыўны, і зацікаўлены ў прыходзе яго сюды", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго ацэнкі, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Арменіі развіваецца вельмі плённа і канструктыўна. Разам з тым прэм'ер-міністр разлічвае на яшчэ большую дынаміку. "Добрыя лічбы па тавараабароце - гэта галоўны, напэўна, індыкатар таго, наколькі актыўна працуюць чыноўнікі і бізнесмены дзвюх краін. Вядома, разлічваем, што гэта тэндэнцыя будзе захоўвацца ў наступным годзе", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў канструктыўнае ўзаемадзеянне з Арменіяй у Еўразійскім эканамічным саюзе. "Радуе, што ў ходзе дыскусій, якія вядуцца на пляцоўцы ЕАЭС, нашы пазіцыі супадаюць з армянскім бокам. Гэта аб'яднанне служыць, напэўна, цэментуючым фактарам для развіцця гандлёва-эканамічных адносін не толькі на двухбаковай аснове - мы ствараем агульныя правілы гульні, няхай не адразу, але паступова да іх прывыкаем. Мы вучымся ў рамках гэтага саюза шукаць кампрамісы, знаходзіць агульныя рашэнні, якія ў канчатковым выніку працуюць на ўзмацненне эканомік усіх краін ЕАЭС", - дадаў ён.
Раман Галоўчанка выказаў надзею, што ў час далейшай работы Армена Гевандзяна ў МЗС Арменіі пытанні беларуска-армянскага супрацоўніцтва застануцца ў фокусе яго ўвагі.
Армен Гевандан пацвердзіў, што беларуска-армянскія адносіны маюць вялікі патэнцыял. "Гэта не толькі дыпламатычны тэрмін і ацэнка. Гэта тое, што я тут адчуў за два гады работы", - сказаў пасол.
Ён звярнуў увагу на тое, што нават ва ўмовах пандэміі і прыпынення гандлёва-эканамічных кантактаў у свеце Беларусь і Арменія за 10 месяцаў нарасцілі тавараабарот амаль на 20 працэнтаў. "Гэта сведчыць аб тым, што ёсць нішы ўзаемадзеяння, якія трэба развіваць", - упэўнены пасол.
Тавараабарот Беларусі і Арменіі ў студзені - кастрычніку 2020 года вырас у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 19,8 працэнта, да $67,5 млн. Экспарт склаў $49,2 млн (рост на 16 працэнтаў), імпарт - $18,3 млн (павялічыўся на 31,4 працэнта). Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту сталі малако і вяршкі, згушчаныя і сухія, сыры і тварог, трактары і седлавыя цягачы, ялавічына, правады, кабелі, лекавыя сродкі. Аснову імпарту з Арменіі склалі моцныя спіртныя напіткі, палімеры стыролу, медныя адходы, лом.