Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Каляды і Новы год у Беларусі
Бізнес
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Бізнес | Бізнес-навіны

Бізнес-навіны

20 Врс 2022

Галоўчанка: у Беларусі і Башкортастана складваецца добрая дынаміка кантактаў

Галоўчанка: у Беларусі і Башкортастана складваецца добрая дынаміка кантактаў

20 верасня, Уфа /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі і Башкортастана складваецца вельмі добрая дынаміка кантактаў. Аб гэтым прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка заявіў у час рабочай сустрэчы з кіраўніком Рэспублікі Башкортастан Радзіем Хабіравым, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У час перагавораў Раман Галоўчанка і Радзій Хабіраў падкрэслілі, што гэта сустрэча праходзіць у новых рэаліях, калі неабходна абмяркоўваць перспектывы ўзаемадзеяння ў змененых умовах функцыянавання эканомік нашых краін, каб эфектыўна процістаяць усім выклікам і пагрозам. І Беларусь, і Башкортастан гатовы да актыўнай работы ў гэтым напрамку.

Раман Галоўчанка адзначыў, што на гэты момант важна вытворчая кааперацыя. Беларусь гатова ўзаемадзейнічаць з Башкортастанам. Прэм'ер-міністр падкрэсліў, што сёння ўжо многае зроблена сумеснымі намаганнямі, у прыватнасці, у 2022 годзе ў Башкортастан пастаўлена 51 адзінка тэхнікі ААТ "МАЗ", 224 трактары ААТ "МТЗ" і 31 адзінка збожжаўборачнай тэхнікі ААТ "Гомсельмаш", 54 пагрузчыкі ААТ "АМКАДОР". Пры гэтым прэм'ер-міністр упэўнены, што многае яшчэ трэба будзе рэалізаваць".

"Важны напрамак - гарадскі пасажырскі транспарт. Беларускія вытворцы ААТ "МАЗ" і ААТ "Белкамунмаш" гатовы забяспечваць патрэбнасці Рэспублікі Башкортастан у абнаўленні парка пасажырскай тэхнікі. Таксама ўпэўнены, што адкрыццё новага дылерскага цэнтра МАЗ, якое адбудзецца ў бліжэйшы час, надасць дадатковы імпульс супрацоўніцтву ў прамысловай сферы, дапаможа прадпрыемствам Башкортастана абнавіць парк грузавой, спецыяльнай і пасажырскай тэхнікі, павысіць узровень яе сэрвіснага абслугоўвання", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь гатова арганізаваць пастаўкі якаснага ліфтавага абсталявання як для новабудоўляў, так і ў рамках замены ліфтаў, якія адпрацавалі тэрмін службы. Беларусь развівае перспектыўныя напрамкі дзейнасці па вытворчасці высокаскорасных ліфтаў, эскалатараў і гатова супрацоўнічаць са спажыўцамі Башкортастана, у тым ліку ў парадку замяшчэння заходніх вытворцаў, якія пакінулі расійскі рынак.

Кіраўнік Рэспублікі Башкортастан падкрэсліў, што ў рэгіёне рады супрацоўнічаць з Беларуссю і што гэта плённая праца, якая прыносіць канкрэтны вынік. Многае, што было прапісана ў дарожнай карце да 2024 года, ужо выканана. Паводле слоў Хабірава, у бліжэйшы час у рэспубліцы сумесна з беларусамі пачнуць будаўніцтва вялікага прадпрыемства. Кіраўнік Башкортастана выказаў упэўненасць, што мэта, якая была абазначана Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, цалкам дасягальная. "У снежні 2021 года Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам была абазначана сур'ёзная задача па дасягненні ва ўзаемным тавараабароце Беларусі і Башкортастана лічбы ў памеры $1 млрд, і трэба імкнуцца да яе выканання", - заўважыў Радзій Хабіраў. Ён таксама выказаў зацікаўленасць у супрацоўніцтве з Беларуссю па пэўных напрамках - будаўнічая тэхніка, сельскагаспадарчая тэхніка і гарадскі транспарт, а таксама бяспека дарог. Разлічваюць у Башкортастане і на цеснае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва.

Сёння таксама для беларускай дэлегацыі будзе арганізавана экскурсія па Цэнтры кіравання рэспублікай, прадугледжваецца кароткая прэзентацыя цэнтра, прагляд відэаролікаў аб яго будаўніцтве і функцыянале.

Другі дзень знаходжання ўрадавай дэлегацыі Беларусі ў Башкортастане пройдзе пад знакам умацавання міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця сумесных бізнес-праектаў. Мяркуецца, што будзе падпісаны шэраг значных дакументаў практычнай накіраванасці. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада, заўтра ва Уфе адбудзецца адкрыццё дылерскага цэнтра па продажы грузавой тэхнікі ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" і ТАА "Дарэлектрамаш". Таксама ў сталіцы Башкортастана ў рамках візіту беларускай дэлегацыі пройдзе цырымонія закладкі капсулы будаўніцтва завода па вытворчасці машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа ААТ "Амкадор". Праграмай візіту прадугледжаны ўдзел беларускай дэлегацыі ў міжнародным кангрэсе "Транспарт і будаўніцтва", наведванне буйнейшых прадпрыемстваў Башкортастана і Татарстана, перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік, мноства бізнес-сустрэч, па выніках якіх плануецца падпісанне канкрэтных дагавораў аб супрацоўніцтве.

Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з прэм'ер-міністрам наведвае Уфу і Казань з 20 па 22 верасня. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі такіх беларускіх прадпрыемстваў, як МТЗ, МАЗ, "Белкамунмаш", "Амкадор", "Гарызонт".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі