29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рост ВУП Беларусі ў 2024 годзе плануецца на ўзроўні 3,8 працэнта. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час пасяджэння Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Праекты прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі і рэспубліканскага бюджэту на 2024 год - у парадку дня сённяшняга пасяджэння Саўміна. "Мы фактычна фіналізуем падрыхтоўку гэтых дакументаў перад іх накіраваннем кіраўніку дзяржавы. Увесь пакет прагнозных дакументаў у пачатку гэтага месяца быў разгледжаны і ў цэлым адобраны на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна. Ключавыя параметры работы ўрада і Нацыянальнага банка не змяніліся. Мэтавыя задачы мабілізацыйнага падыходу развіцця эканомікі захаваны. Тэмп росту ВУП павінен скласці 103,8 працэнта. Гэта вышэй за тэмпы развіцця сусветнай эканомікі", - сказаў Раман Галоўчанка.
Прырост інвестыцый у асноўны капітал плануецца на ўзроўні 3,9 працэнта. У планах рэалізацыя 163 рэгіянальных, 77 імпартазамяшчальных, 16 інтэграцыйных праектаў.
Будзе пабудавана 4,8 млн кв.м жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай - 1,4 млн кв.м. На развіццё інфраструктуры ў рэгіёнах запланавана накіраваць Br7,5 млрд.