5 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Развіваючы прамысловы патэнцыял краін ЕАЭС, трэба імкнуцца пазбягаць крызісу перавытворчасці. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік беларускага ўрада адзначыў, што ў Беларусі вельмі ўважліва азнаёміліся са зваротам прэзідэнта Казахстана да кіраўнікоў дзяржаў - членаў саюза і з прыярытэтамі старшынства Казахстана ў ЕАЭС. "Цалкам падтрымліваем выкладзеныя ў дакуменце прапановы па развіцці прамысловай кааперацыі, стварэнні сумесных прадпрыемстваў і рэалізацыі трансгранічных інфраструктурных праектаў. У гэтай сферы ў нас ёсць вялікі рэсурс для сінэргіі, - адзначыў Раман Галоўчанка. - Не сакрэт, што па шэрагу значных прамысловых тавараў у нас перасякаюцца інтарэсы, але калі актывізаваць работу па рэалізацыі сумесных праектаў і эфектыўна задзейнічаць рэсурсы краін, то перакананы, што гэтыя праблемы можна вырашыць".
Асаблівую ўвагу, на думку прэм'ер-міністра, неабходна ўдзяляць імпартазамяшчэнню, у першую чаргу гэта датычыцца стратэгічнай прадукцыі і тэхналогій. "Пад любым выглядам так званы калектыўны Захад стараецца прытармазіць наша эканамічнае развіццё, уводзяцца санкцыі, блакіруюцца фінансаванне і рэалізацыя важных інфраструктурных праектаў, забараняецца перадача тэхналогій, спыняюцца пастаўкі неабходных для вытворчасцей перадавой прадукцыі і камплектуючых. Аналагічная сітуацыя і з доступам на знешнія рынкі. Знешні свет імкліва змяняецца, пратэкцыянізм узмацняецца, і асабліва гэта характэрна для нашых заходніх партнёраў. Таму лічу своечасовым уключэнне ў парадак дня пытанняў, якія мы ўважліва разгледзелі ў вузкім складзе. З улікам цяперашніх рэалій нам неабходна не толькі імкнуцца да заключэння новых гандлёвых пагадненняў, але і ўмець абараняць свае правы ва ўзаемаадносінах з трэцімі краінамі, абараняць менавіта як блок, як саюз", - адзначыў ён. Важнае значэнне ў гэтым кантэксце, паводле слоў Рамана Галоўчанкі, мае пытанне аб механізме прымянення мер у адказ на ўзроўні ЕАЭС у выпадку, калі стандартная працэдура ўрэгулявання спрэчак, прадугледжаная дзеючымі міжнароднымі дагаворамі, аказваецца заблакіраванай у выніку непрадбачаных абставін або нядобрасумленных дзеянняў трэціх краін.
Кіраўнік беларускага ўрада таксама падкрэсліў: Беларусь выступае за далейшае ўдасканаленне дазволеных правіламі СГА механізмаў прымянення спецыяльных ахоўных і кампенсацыйных мер у гандлі з трэцімі краінамі. "У вузкім фармаце мы абмеркавалі пытанні забяспечанасці металургічнай галіны саюза стратэгічнай сыравінай, ломам чорных і каляровых металаў. Упэўнены, мы можам і павінны забяспечваць сваёй сыравіне максімальную дабаўленую вартасць унутры саюза, каб вядучыя сусветныя эканомікі не разглядалі ЕАЭС як нейкі сыравінны прыдатак. Развіваючы прамысловы патэнцыял краін саюза, мы павінны імкнуцца пазбягаць крызісу перавытворчасці", - падкрэсліў Раман Галоўчанка. У гэтым плане, на яго думку, выключна важна асвойваць новыя рынкі, таму меры па развіцці экспарту набываюць усё большую актуальнасць. "Ёсць адзіная падтрымка ЕЭК, Еўразійскага банка развіцця, нацыянальных інстытутаў падтрымкі экспарту, урадаў і замежных устаноў членаў саюза, таму нашы экспарцёры будуць смялей выходзіць на невядомыя для іх рынкі так званай далёкай дугі. Такім чынам можна будзе напоўніць новым зместам асноўныя напрамкі прамысловага супрацоўніцтва ў рамках ЕАЭС", - лічыць прэм'ер-міністр.
Раман Галоўчанка адзначыў: "Наша інтэграцыя дастаткова рушыла наперад, каб пачаць рэалізацыю ўзгодненай прамысловай і аграпрамысловай палітыкі. Магчыма, у будучым яна стане і павінна стаць не проста ўзгодненай, але і адзінай. Неабходна забяспечваць парытэт інтарэсаў пры арганізацыі і развіцці прамысловых вытворчасцей у краінах - членах ЕАЭС і фарміраваць тым самым дадатковы экспартны патэнцыял".
Кіраўнік урада Беларусі нагадаў: у мінулым годзе ў перыяд беларускага старшынства ў ЕАЭС удалося значна скараціць колькасць бар'ераў у знешнім гандлі (з 19 да 11), таму Беларусь шчыра вітае імкненне Казахстана прадоўжыць такую ж дзейсную работу на гэтым выключна важным для развіцця еўразійскай інтэграцыі напрамку.