14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі бок разлічвае на падтрымку РФ ва ўмовах санкцый, у цяперашніх умовах трэба дзейнічаць хутка і ўзгоднена. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сёння падчас перагавораў са старшынёй урада Расіі Міхаілам Мішусціным у Маскве, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Мэта санкцый зразумелая - выклікаць крызіс у эканоміцы, рост колькасці незадаволеных, зрабіць новую спробу расхістаць краіну і прывесці да ўлады антырасійскі рэжым на аснове збеглай апазіцыі. У гэтых умовах, на наш погляд, трэба дзейнічаць хутка і ўзгоднена. З улікам высокай слабаабароненасці беларускай эканомікі да знешніх шокаў разлічваем на падтрымку Расійскай Федэрацыі ў гэты няпросты перыяд", - сказаў Раман Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр пацвердзіў гатоўнасць беларускага боку рэалізаваць усе дамоўленасці аб эканамічнай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. "Але ў цяперашніх умовах у сувязі са змяненнем абстаноўкі ёсць вострая неабходнасць аператыўнай рэалізацыі мер падтрымкі. Гэта і рэструктурызацыя крэдытнай завінавачанасці па дзяржаўных крэдытах урада і фінансавых інстытутаў Расіі, пераход на новую сістэму цэнаўтварэння на расійскую нафту, якая забяспечыла б стабільную работу беларускіх НПЗ. Гэта і нашы прапановы па фіксацыі цэн на прыродны газ для Беларусі ў расійскіх рублях з прывязкай да дзеючых цэн на газ для бліжэйшых расійскіх рэгіёнаў. Гэта і нарошчванне паставак беларускай машынабудаўнічай прадукцыі на расійскі рынак, у тым ліку праз зняцце існуючых адміністрацыйных абмежаванняў", - адзначыў ён.
Раман Галоўчанка падкрэсліў, што для беларускага боку важны ўдзел у рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння. "Тут наперадзе вывераная работа міністэрстваў для таго, каб максімальна задзейнічаць узаемны патэнцыял па замяшчэнні выпадаючых імпартных паставак. Варта абмеркаваць і паўнацэнны ўдзел абароннага сектара Беларусі ў рэалізацыі мерапрыемстваў дзяржабаронзаказу Расіі, зняцце адміністрацыйных бар'ераў у сферы абаронна-тэхнічнага супрацоўніцтва", - дадаў ён.
Прэм'ер-міністр Беларусі выказаў упэўненасць у тым, што бакі знойдуць узаемавыгадныя рашэнні.