21 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка на сустрэчы з генеральным дырэктарам ПАТ "Кіраўскі завод" (РФ) Сяргеем Серабраковым падкрэсліў важнасць кансалідацыі намаганняў Саюзнай дзяржавы ў сферы машынабудавання, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Раман Галоўчанка адзначыў, што ў час візіту ў Санкт-Пецярбург у кастрычніку ён ужо падрабязна азнаёміўся з вытворчасцю, а таксама планамі і падыходамі кіраўніцтва прадпрыемства. Акрамя таго, абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва з беларускімі пастаўшчыкамі камплектуючых і кампанентаў.
"У апошнія гады мы істотна нарасцілі аб'ёмы супрацоўніцтва. Мы ўдзячныя за тое, што вы дастаткова сур'ёзна ставіцеся да кампетэнцый беларускіх вытворцаў, у першую чаргу аўтакампанентаў. І работа па гэтым трэку развіваецца ў пазітыўным ключы, пастаянна асвойваецца новая наменклатура. Таксама шмат часу мы прысвяцілі абмеркаванню планаў развіцця супрацоўніцтва і кансалідацыі нашых намаганняў на агульным рынку тэхнікі Саюзнай дзяржавы, які зведвае цяпер шэраг унутраных і знешніх цяжкасцей, звязаных з усё большай канкурэнцыяй", - сказаў Раман Галоўчанка гендырэктару ПАТ "Кіраўскі завод".
З улікам таго патэнцыялу, які ёсць у Беларусі і Расіі, у прыватнасці на Пецярбургскім трактарным заводзе, бакам неабходна рухацца далей і аб'ядноўваць намаганні, каб выступаць стабільнымі пастаўшчыкамі ў першую чаргу на ўнутраным рынку, упэўнены прэм'ер.
"З улікам таго, што тэхніка, якая вырабляецца на Пецярбургскім трактарным заводзе і на беларускіх прадпрыемствах машынабудавання, з'яўляецца не канкурыруючай, а ўзаемазапаўняльнай, быў выказаны шэраг ідэй па далейшай кансалідацыі нашых намаганняў, у тым ліку ў рамках Асацыяцыі машынабудаўнікоў", - адзначыў Раман Галоўчанка.