28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У бягучым годзе намецілася тэндэнцыя росту ўзаемнага гандлю паміж Беларуссю і Казахстанам. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з прэм'ер-міністрам Казахстана Аскарам Маміным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Казахстан - вельмі важны для нас партнёр. Мы падтрымліваем вельмі высокі ўзровень адносін як у двухбаковым фармаце, так і па лініі інтэграцыйных аб'яднанняў і міжнародных арганізацый. Наладжаны рэгулярны дыялог паміж лідарамі нашых дзяржаў. Гэта стварае спрыяльнае асяроддзе для работы і дасягнення ўзаемавыгадных дамоўленасцей", - сказаў Раман Галоўчанка.
Прэм'ер-міністр Беларусі адзначыў, што нядаўна падпісана дарожная карта на бліжэйшыя два гады па павелічэнні тавараабароту, развіцці вытворчай кааперацыі. "Па аб'ёме тавараабароту Казахстан уваходзіць у лік асноўных партнёраў Беларусі і знаходзіцца на 3-м месцы сярод краін СНД. У мінулым годзе ў нас было невялікае зніжэнне, калі аб'ём двухбаковага гандлю скараціўся амаль на 8 працэнтаў - да $850 млн. Але гэта натуральна, усе адчуваюць наступствы пандэміі. А ў гэтым годзе ўжо намецілася дадатная тэндэнцыя росту ўзаемнага гандлю", - звярнуў ён увагу.
"Вельмі важным этапам у развіцці двухбаковага ўзаемадзеяння стане маючы адбыцца афіцыйны візіт прэзідэнта Казахстана ў Беларусь, які мы чакаем у другім паўгоддзі бягучага года. Надаём важнае значэнне эканамічнаму складніку гэтага візіту, і таму ўрады павінны папрацаваць, каб напоўніць гэта мерапрыемства канкрэтнымі рашэннямі", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.
Паводле слоў прэм'ер-міністра Беларусі, лакаматывам узаемадзеяння дзвюх краін застаюцца праекты вытворчай кааперацыі, якія даюць магчымасць ствараць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю, развіваць індустрыяльны патэнцыял і забяспечваць занятасць. "Мы з задавальненнем будзем разглядаць магчымасць уваходжання ў новыя праекты на тэрыторыі Казахстана. Неаднаразова гаварылі аб неабходнасці інтэнсіфікаваць работу па сельскагаспадарчым напрамку і пераходзіць да канкрэтных значных праектаў па лініі племянной жывёлагадоўлі, малочнатаварнай вытворчасці", - адзначыў ён.
Аскар Мамін у сваю чаргу падкрэсліў, што паміж краінамі наладжаны інтэнсіўны дыялог, развіваецца ўзаемадзеянне па ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. "Як вы ўжо адзначылі, па выніках першага квартала мы маем рост тавараабароту. Упэўнены, што дынаміка супрацоўніцтва вернецца да дапандэмійных аб'ёмаў", - заявіў ён.