26 кастрычніка, Бішкек /Кар. БЕЛТА/. Толькі сумесныя намаганні краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва дадуць магчымасць аслабіць дамінаванне Захаду ў шэрагу сфер эканомікі і фінансаў. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў ШАС, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Раман Галоўчанка адзначыў, што ў самым хуткім часе Беларусь разлічвае ўступіць у рады паўнапраўных членаў ШАС. "Хачу акцэнтаваць увагу на шэрагу важных напрамкаў дзейнасці арганізацыі і агучыць прапановы, рэалізацыя якіх, на думку беларускага боку, будзе мець важкія вынікі для ўсіх удзельнікаў прасторы ШАС. Адзін з такіх напрамкаў - эканамічнае супрацоўніцтва. Беларусь - экспартна арыентаваная дзяржава з адкрытай эканомікай. На долю дзяржаў - членаў ШАС прыпадае больш за 70 працэнтаў усяго тавараабароту Беларусі", - сказаў ён.
На думку кіраўніка беларускага ўрада, настаў час перайсці да практычных рашэнняў, узмацніць эканамічны складнік ШАС.
"Беларускі бок цалкам падтрымлівае хутчэйшую рэалізацыю падпісанай у Самаркандзе дарожнай карты па паступовым павелічэнні долі нацыянальных валют ва ўзаемных разліках. Наша краіна гатова максімальна ўключыцца ў работу Міжбанкаўскага аб'яднання ШАС. Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам аслабіць дамінаванне Захаду ў шэрагу сфер эканомікі і фінансаў, знізіць негатыўны эфект ад незаконных санкцый і нелегітымных абмежаванняў", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.