29 сакавіка, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі дапаможа процістаяць заходнім санкцыям. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас сустрэчы з губернатарам Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Бягловым, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Абстаноўка вакол нашых краін істотна змянілася ў выніку вядомых абставін. Знешні санкцыйны націск узмацніўся шматразова. Калектыўны Захад праводзіць у адносінах да нашых краін непрыкрытую палітыку эканамічнага ўдушэння. Таму наша эфектыўнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва - неабходная ўмова паспяховага процістаяння эканамічнай вайне, якая вядзецца супраць Саюзнай дзяржавы", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што ў 2021 годзе Беларусь і Санкт-Пецярбург дасягнулі значных аб'ёмаў тавараабароту, і падкрэсліў, што ў 2022-м трэба перасягнуць лічбы мінулага года. Асаблівы акцэнт прэм'ер-міністр зрабіў на пытаннях імпартазамяшчэння і вытворчай кааперацыі.
У 2021 годзе тавараабарот Беларусі з Санкт-Пецярбургам склаў $1,743 млрд і ў параўнанні з 2020 годам павялічыўся на 14,5 працэнта, экспарт - $982,1 млн (рост на 13,6 працэнта). Сальда дадатнае - $220,5 млн. У 2021 годзе павялічыліся пастаўкі гарачакачаных пруткоў з нелегіраванай сталі, сметанковага масла, замарожанай ялавічыны, пластмасавай тары, згушчаных і сухіх малака і вяршкоў, бульбы, ДСП і ДВП, частак і прылад для аўтамабіляў і трактароў.
За студзень 2022 года тавараабарот Санкт-Пецярбургам склаў $122,5 млн і ў параўнанні са студзенем 2021-га павялічыўся на 15,9 працэнта, экспарт - $68,8 млн (рост на 1,2 працэнта). Павялічыліся пастаўкі сыроў і тварагу, сметанковага масла, марожанай рыбы, комплексных сінтэтычных ніцей, бульбы, упаковачных матэрыялаў, мяса птушкі, натуральнага малака.