2 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь павялічвае долю закупак айчыннага медыцынскага абсталявання. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Узніклі складанасці не толькі ў закупках заходняга медыцынскага абсталявання, але і ў выкананні імі ж (заходнімі партнёрамі. - Заўвага БЕЛТА) сваіх абавязацельстваў па пастаўцы запасных частак і расходных матэрыялаў. Якія адносіны мае здароўе і гуманістычныя каштоўнасці да палітычнай сітуацыі? Гэта тая ж гісторыя паўтараецца, што і са спортам, і з усім астатнім. Але мы ўжо да гэтага прывыклі і проста канстатуем. Гэта ілюстрацыя рэальнага стаўлення да нашых людзей з боку асобных дзяржаў", - сказаў Раман Галоўчанка.
Ён адзначыў, што Беларусь не магла пакінуць сваё медабсталяванне без расходных матэрыялаў і знайшла альтэрнатыўных пастаўшчыкоў тэхнікі і запасных частак. "Кітайскае абсталяванне вельмі добрае цяпер да нас пастаўляецца. Прадаўжаюцца пастаўкі і еўрапейскага абсталявання. Праблем з гэтым няма. Таксама важна адзначыць, што мы нарошчваем долю закупкі айчыннага медыцынскага абсталявання. Мінімум трэць усіх апаратаў, што закупляюцца, прыпадае на Беларусь", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр. Пастаўляецца і расійскае абсталяванне.
Раман Галоўчанка прыняў удзел у адкрыцці Рэспубліканскага цэнтра прафесійнай атэстацыі і сімуляцыйнага навучання медыцынскіх, фармацэўтычных работнікаў Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя БДМУ. Яго пачыналі будаваць у супрацоўніцтве з міжнароднымі арганізацыямі.
"На жаль, як і некаторыя іншыя аб'екты, ён быў кінуты нашымі замежнымі партнёрамі на фактычна пачатковай стадыі праекта. Мы асвоілі міжнароднае фінансаванне, якое выдзялялася на гэты аб'ект, прыкладна на 15-20 працэнтаў. Вядома, мы не маглі дазволіць, каб краіна пазбавілася такога ўнікальнага цэнтра. Таму было прынята рашэнне завяршыць яго будаўніцтва ўласнымі сродкамі. Мы сваю задачу выканалі", - сказаў кіраўнік урада на адкрыцці цэнтра.
Галоўнае пытанне датычылася ўнікальнага абсталявання, якое павінна было размяшчацца ў цэнтры. "На дапамогу нам прыйшлі нашы сябры і партнёры з РФ, а канкрэтна з Татарстана. Мы можам з упэўненасцю сказаць, што абсталяванне, якім аснашчаны цэнтр, не ўступае ніякім сусветным аналагам", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.