27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь можа забяспечыць большасць патрэбнасцей Сірыі ў прадукцыі машынабудавання. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час сустрэчы з міністрам грамадскіх работ і жыллёвага будаўніцтва Сірыі Сухейлем Абед аль-Лаціфам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Беларусь і Сірыя здаўна звязаны трывалымі адносінамі дружбы і супрацоўніцтва. Мы ніколі не былі абыякавымі да таго, што адбываецца ў Сірыі, і ў самыя складаныя часы нязменна былі побач і выказвалі падтрымку сірыйскаму народу. Мы вельмі рады, што дзякуючы стойкасці, мужнасці, цярпенню вы змаглі выстаяць пад беспрэцэдэнтным міжнародным націскам і наладжваеце мірнае жыццё, аднаўляеце краіну", - сказаў Раман Галоўчанка.
Візіт сірыйскага боку звязаны з правядзеннем чарговага пасяджэння сумеснай камісіі па гандлёвым, эканамічным і тэхнічным супрацоўніцтве. Дэлегацыя азнаёмілася з прамысловым патэнцыялам Беларусі, абмеркавала праекты, якія знаходзяцца ў парадку дня супрацоўніцтва. "Мы разумеем асноўныя задачы, якія стаяць перад урадам Сірыі. Гэта аднаўленне інфраструктуры і эканомікі краіны, неабходнасць пошуку рэсурсаў, якія дадуць магчымасць фінансаваць гэтыя важныя для краіны праекты. На падставе нашага шматгадовага вопыту супрацоўніцтва мы ўпэўнены, што Беларусь можа забяспечыць большасць патрэбнасцей Сірыі ў прадукцыі машынабудавання, пасажырскай, сельскагаспадарчай, грузавой, будаўнічай тэхніцы. Разумеем, што неабходна знайсці схемы, якія дадуць магчымасць фінансаваць сумесныя праекты", - адзначыў прэм'ер-міністр.
На думку Рамана Галоўчанкі, неабходна рухацца па двух напрамках. Па-першае, арганізаваць рамачныя або парасонавыя дамоўленасці на ўзроўні ўрадаў, вызначыць прынцыповыя схемы арганізацыі сумеснай работы. Другі ўзровень - гэта ўжо ўзровень бізнесу, які на аснове гэтых дамоўленасцей павінен выбудаваць узаемавыгадныя і бяспечныя схемы іх рэалізацыі.
Прэм'ер-міністр абазначыў перспектыўнасць супрацоўніцтва і ў сферах аховы здароўя, адукацыі, навукі. "Беларусь аказвала і прадаўжае аказваць у тым ліку гуманітарную дапамогу Сірыі. Пад патранажам Прэзідэнта ўжо шмат гадоў рэалізуецца праграма аздараўлення сірыйскіх дзяцей. За апошнія 5 гадоў больш як 1 тыс. дзяцей Сірыі адпачылі ў Беларусі. Мы гатовы прадаўжаць гуманітарнае супрацоўніцтва і пры наяўнасці такіх просьбаў абавязкова разгледзім варыянты далейшай гуманітарнай дапамогі", - дадаў ён.
Сухейль Абед аль-Лаціф падкрэсліў, што Сірыя ганарыцца дружбай з Беларуссю. "Урад Сірыі высока цэніць пазіцыю Беларусі ў тым, што датычыцца барацьбы сірыйскага народа з тэрарызмам апошнія 10 гадоў, цэніць падтрымку беларускага боку ў рамках міжнародных арганізацый і пляцовак", - заявіў ён.
Тавараабарот Беларусі і Сірыі ў студзені - лістападзе 2021 года павялічыўся на 41,1 працэнта, экспарт - на 43,8 працэнта. Асноўнымі пазіцыямі беларускага экспарту сталі лекавыя сродкі, малако і вяршкі згушчаныя і сухія, малочная сыроватка. Аснову імпарту тавараў з Сірыі склалі тканіны з сінтэтычных комплексных ніцей, аліўкавы алей, фрукты, арэхі, прыгатаваныя або кансерваваныя іншым спосабам, кава, насенне аніса, бадзяну, фенхелю, каляндры, кмену, ягады ядлоўцу.